На адкрыцьці першых на гэтым тыдні таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы амэрыканская валюта перасягнула мяжу ў 3 рублі. Курс вырас да 3,0114 рубля (+0,75%). Аднак максымальны курс даляр меў 16 сакавіка — 3,3195 рубля.
Таргі эўра не праводзяцца. 21 чэрвеня валюта падаражэла да 3,2847 рубля (+0,38%; +0,0125), піша BPN.
Зьніжэньне курсу беларускага рубля да даляра можа быць зьвязана з аналягічным трэндам расейскага рубля, які адрэагаваў падзеньнем на спробу вайсковай смуты ў Расеі 23–24 чэрвеня.
Расейскі рубель сёньня абнавіў мінімум да амэрыканскага даляра з 2022 году на Маскоўскай біржы.
Афіцыйны курс даляра ў Беларусі за студзень–травень вырас на 6,8% (з 2,7364 да 2,9226 рубля).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўная пераарыентацыя на расейскі рынак стратэгічна становіць вялікую пагрозу для беларускай эканомікі, — ЛузгінаЭўразійскі банк разьвіцьця: эканамічны рост Беларусі паскорыўся
У аглядзе ЭАБР 26 чэрвеня піша аб росьце беларускай эканомікі ў параўнаньні зь леташнім пэрыядам на 0,9%.
Паводле ацэнак банку, у траўні беларуская эканоміка вырасла прыкладна на 7% год да году. Цяпер банк прагназуе, што да канца 2023 ВУП Беларусі павялічыцца на 2,2%.
Характэрна, што цяпер у нацыянальнай эканоміцы няма відавочных аўтсайдэраў — растуць практычна ўсе сфэры дзейнасьці.
Раней у ЭАБР прагназавалі, што да канца году рост цэнаў у Беларусі можа паскорыцца. Базавы прагноз банку — 7,8% па выніках сьнежня 2023 — пакуль не мяняўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост тарыфаў за камуналку ў Беларусі адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні. Што гэта значыць