У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі, як Лукашэнка можа выкарыстаць свой удзел у спыненьні мяцяжу Прыгожына

Уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Архіўнае фота

«Мяцеж Яўгенія Прыгожына выявіў слабасьць расейскіх сіл бясьпекі і прадэманстраваў няздольнасьць Уладзіміра Пуціна своечасова выкарыстаць свае сілы, каб адбіць унутраную пагрозу, і яшчэ больш падарвала яго манаполію на сілу».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць заўчасным канстатаваць пэўныя вынікі мяцяжу ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.

«Асаблівасьці дамоўленасьцяў па-ранейшаму незразумелыя, акрамя здагадак і чутак. Вынікі ўзброенага паўстаньня ПВК „Вагнэр“ пакуль не завершаныя, і яшчэ трэба высьветліць, як дамоўленасьць будзе рэалізаваная і ці выканаюць яе ўсе задзейнічаныя бакі ў поўнай меры», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту за 25 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белым доме сочаць за сытуацыяй вакол ПВК «Вагнэр» і яе кіраўніка Прыгожына. Байдэна паінфармавалі

Экспэрты таксама адзначаюць, што пакуль немагчыма вызначыць і праверыць цяперашняе месцазнаходжаньне Яўгенія Прыгожына.

У справаздачы за 24 чэрвеня экспэрты ISW зьвярталі ўвагу на тое, што мяцеж Яўгенія Прыгожына выявіў слабасьць расейскіх сіл бясьпекі і прадэманстраваў няздольнасьць расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна своечасова выкарыстаць свае сілы, каб адбіць унутраную пагрозу, і яшчэ больш падарвала яго манаполію на сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар украінскай Рады бясьпекі: Лукашэнка можа ўзяць удзел у перамовах з Украінай

«Цяпер Крэмль сутыкнуўся з глыбока няўстойлівай раўнавагай. Дамоўленасьць, дасягнутая Лукашэнкам, зьяўляецца кароткатэрміновым, а не доўгатэрміновым, рашэньнем, і паўстаньне Прыгожына выявіла сур’ёзныя слабыя месцы ў Крамлі і расейскім Міністэрстве абароны», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны лічаць абсурднымі «здагадкі, што мяцеж Прыгожына, адказ Крамля і пасярэдніцтва Лукашэнкі былі інсцэніраваны Крамлём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ ЗША: Амэрыканская выведка ведала пра падрыхтоўку Прыгожыным бунту

«Вобраз Пуціна, які зьяўляецца на нацыянальнай тэлевізіі з заклікам да спыненьня ўзброенага паўстаньня і папярэджаньнем аб паўтарэньні рэвалюцыі 1917 году, а затым патрабуе пасярэдніцтва замежнага лідэра для спыненьня паўстаньня, будзе мець працяглы ўплыў», — лічаць экспэрты.

У справаздачы зьвяртаюць увагу на тое, як паведамлялася аб удзеле Аляксандра Лукашэнкі ў разьвязаньні сытуацыі ў Расеі. Тое, што ён выкарыстаў «раней наладжаныя каналы», пэўна, сьведчыць аб тым, што Лукашэнка мае «нявызначаны ўплыў на Прыгожына, які мог бы выкарыстоўваць для дээскаляцыі сытуацыі».

Экспэрты Інстытуту мяркуюць, што раней Лукашэнка выкарыстоўваў сілы «Вагнэра» для прасоўваньня сваёй выбарчай кампаніі пасьля таго, як у канцы ліпеня 2020 году беларускія ўлады арыштавалі грамадзян Расеі, якія нібыта належалі да ПВК «Вагнэр». Тады ён абвінаваціў іх у плянах умяшаньня ў беларускія выбары, нягледзячы на тое, што «Вагнэр» адкрыта выкарыстоўваў Беларусь у якасьці транзытнай краіны для сваіх місій. У выніку інцыдэнту 15 жніўня 2020 году Лукашэнка ініцыяваў размову з Пуціным і вызваліў 32 вагнэраўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня

«Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе імкнуцца выкарыстаць дээскаляцыю ўзброенага паўстаньня для дасягненьня сваіх мэтаў, такіх як адтэрміноўка афармленьня саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі або перашкода Пуціну выкарыстоўваць беларускія сілы ва Ўкраіне», — мяркуюць экспэрты ISW.

У той жа час у справаздачы адзначаецца, што сам Прыгожын у сваіх заявах аб спыненьні «маршу справядлівасьці» не згадаў ні пра ўдзел Лукашэнкі, ні пра дэталі дамоўленасьцяў. «Спэцыфіка дамоўленасьці, як і ў якія тэрміны яна будзе рэалізаваная, чаканыя вынікі для кожнага з бакоў і ступень, у якой усе ўдзельнікі будуць яе прытрымлівацца, на гэты момант застаюцца незразумелымі», — лічаць экспэрты Інстытуту.

У справаздачы адзначаецца, што мяцеж Прыгожына, з аднаго боку, прадэманстраваў нястачу рэзэрваў Расеі ў многіх тылавых раёнах, а з другога — амаль напэўна пагоршыць маральны дух расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне, што ўкраінскія сілы могуць выкарыстаць для карэктаваньня спробаў прарыву расейскай абароны.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.