Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю «застаецца кантраляванай», усе службы, ад выведкі да інжынэрных войскаў, працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, заявіў камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны генэрал-лейтэнант Сяргей Наеў.
«Адносна заяваў аб магчымым удзеле ПВК „Вагнэр“ у нападзе на нашу тэрыторыю з боку Рэспублікі Беларусь. Хачу запэўніць усіх, што сытуацыя ў паўночнай апэратыўнай зоне застаецца стабільнай і кантраляванай», — цытуе Наева ўкраінская служба Радыё Свабода.
Наеў паведаміў, што «цяпер на мяжы зь Беларусьсю нарошчваньня тэхнікі і жывой сілы праціўніка няма».
«Дзяржаўная мяжа знаходзіцца пад надзейнай аховай кругласутачна. Калі гэта адбудзецца і праціўнік паспрабуе перайсьці дзяржаўную мяжу, то для яго гэта будзе нішто іншае, як самагубства. Нашы вайскоўцы гатовы даць годны адказ кожнаму, хто адважыцца перасекчы дзяржаўную мяжу са зброяй у руках», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік украінскай выведкі: Расея падрыхтавала Запароскую АЭС да выбуху