«Вагнэраўцы» падчас «маршу на Маскву» зьбілі самалёт з 10 чалавекамі на борце

Расейцы, якія радасна выйшлі сустракаць баевікоў ПВК Вагнэр на вуліцы, 24 чэрвеня 2023

Расейскія праўладныя каналы паведамілі, што экіпаж, імаверна, загінуў.

Найміты ПВК «Вагнэр» падчас свайго мяцяжу ў суботу зьбілі, акрамя іншага, расейскі вайсковы самалёт Іл-22М. Яго называюць «паветраным камандным пунктам». Пра гэта сьведчаць падлікі нідэрляндзкага праекту Oryx, аб крушэньні Іл-22М паведамляюць таксама расейскія тэлеграм-каналы.

Раней паведамлялася, што вагнэраўцы зьбілі іншы самалёт — Іл-18.

Як сьцьвярджае карэспандэнт расейскага Першага каналу Ірына Куксянкова, на борце Іл-22М былі 10 чалавек, яны, відаць, загінулі. Яе словы прыводзіць расейская служба Радыё Свабода.

«Калі Прыгожына ўжо ў штабе Паўднёвай вайсковай акругі спыталі, навошта, бо гэты самалёт не наносіць удараў, а выконвае іншыя функцыі, ён сказаў — а дурань з СПА ў калёне ўсё зьбіваў, што ўзьлятала», — піша Куксянкова, не называючы крыніцы сваіх сьцьверджаньняў. Таксама яна напісала, што Прыгожын нібыта пагадзіўся выплаціць 50 мільёнаў кампэнсацыі родным загінулых лётнікаў. Аб гэтым піша таксама шэраг іншых тэлеграм-каналаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня

Ні Прыгожын, ні міністэрства абароны Расеі гэта не камэнтавалі.

Міністэрства ўвогуле афіцыйна не паведамляла пра якія-небудзь страты ў баях зь мяцежнікамі. Як Oryx, так і расейскія праваенныя тэлеграм-каналы, у прыватнасьці «Рыбарь» і Fighterbomer, пісалі аб тым, што найміты ПВК, акрамя самалёта, зьбілі 6 баявых верталётаў.

Радыё Свабода на гэты момант ня можа апэратыўна праверыць заявы розных бакоў канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці быў насамрэч «мяцеж» і ці міратворац тут Лукашэнка? Дыскусія аналітыкаў. ВІДЭА

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.