Калі Прыгожын «увацарыцца» ў Крамлі, ці будзе крыўдзіцца на сёньняшнюю заяву кіраўніцтва Беларусі? Разважае Дракахруст

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, каляж

Заява Савету бясьпекі Беларусі наконт апошніх падзеяў у Расеі надзвычай адметная. І ня мантрамі пра славянскае братэрства, не падтрымкай «СВА», не інвэктывамі на адрас «калектыўнага Захаду». А вызначэньнем, бачаньнем таго, што адбываецца

Для Крамля гэта — мяцеж, злачынны гвалтоўны замах на законную ўладу. А для Савету бясьпекі Беларусі — смута. А ў смуце ж невідавочна, хто мае рацыю, а хто не. У адной фразе заявы рахмана выказанае засмучэньне «проціпраўнымі дзеяньнямі», але не сказана, чыімі. Відаць, пакуль цяжка вызначыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Савеце бясьпекі Беларусі пракамэнтавалі ўзброены мяцеж на поўдні Расеі

Калі прыгадваць ранейшыя расейскія смуты, дык і грамадзкая думка, і нават расейскі афіцыйны дыскурс ацэньваюць ролі ўдзельнікаў неадназначна. Хто меў рацыю, хто добры, а хто кепскі: цар ці рэвалюцыянэры, «белыя» ці «чырвоныя»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пазваніў Лукашэнку, Такаеву, Мірзіёеву і Эрдагану ў сувязі з «сытуацыяй у Расеі»

А калі сягаць у мінулае, у смуту ХVII стагодзьдзя — Гадуноў ці Ілжэдзьмітры, Шуйскі ці «тушынскі вор»? Дарэчы, бацька першага цара з дому Раманавых — Фёдар Раманаў — быў патрыярхам якраз у таго «тушынскага вара». Дык хто мяцежнік, а хто легітымны, «настаяшчы», у смуце? А ніхто, бо — незразумела. Выснова нават з вышыні часу і ў расейскім афіцыйным дыскурсе: усе тады пагарачыліся, а дарма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская смута, якая можа зачапіць і Лукашэнку. Некалькі высноваў зь мяцяжу Прыгожына

Дык і заява Савету бясьпекі Беларусі вытрыманая, у сутнасьці, менавіта ў такім рэчышчы. Калі заўтра ці пазьней Яўгеній Прыгожын «увацарыцца» ў Крамлі — ці будуць у яго падставы крыўдзіцца на сёньняшнюю заяву кіраўніцтва Беларусі, папракаць падтрымкай «ненастаяшчага цара»? Не, ня будзе. Заява — за ўсё добрае, супраць смуты як такой, а ня супраць аднаго зь яе бакоў. І ні за ніводзін з бакоў.