Увечары 23 чэрвеня Яўген Прыгожын абвінаваціў Мінабароны Расеі ў ракетных ударах па тылах наймітаў сваёй ПВК «Вагнэр» і аб’явіў узброены паход з мэтай пакараць ваеннае кіраўніцтва краіны. Прыгожын назваў яго «маршам справядлівасьці».
ФСБ Расеі назвала дзеяньні Прыгожына «заклікамі да пачатку ўзброенага грамадзянскага канфлікту на тэрыторыі Расеі» і «правакацыяй», а Генпракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненьні да Прыгожына паводле артыкулу аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн быў паінфармаваны аб разьвіцьці падзей у Расеі і Ўкраіне, паведаміў вечарам у пятніцу прадстаўнік Савета нацыянальнай бясьпекі Адам Ходж.
«Мы сочым за сытуацыяй і будзем кансультавацца адносна гэтых падзей з саюзьнікамі і партнэрамі», піша Голас Амэрыкі.
Мінабароны Расеі зьвярнулася да байцоў ПВК «Вагнэра» і папрасіла «праявіць разважлівасьць» і хутчэй выйсьці на сувязь з прадстаўнікамі Мінабароны РФ ці праваахоўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня