Ізраіль папрасіў Марыю Захараву «не чытаць яму лекцыі» пра Галакост

Марыя Захарава

Міністэрства замежных спраў Ізраілю адказала афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расеі Марыі Захаравай, якая раней абвінаваціла Ізраіль у «падтрымцы нацызму» ва Ўкраіне.

Прадстаўнік МЗС Ізраілю Ліёр Хаят апублікаваў заяву для друку ў афіцыйным Твітары міністэрства. У ёй сказана, што ніводная краіна не павінная «чытаць лекцыі Ізраілю, яго МЗС і яго дыпляматам аб тым, як захоўваць памяць аб Галакосце».

Нагодай для выступу Захаравай стала інтэрвію амбасадара Ізраілю ва Ўкраіне Міхаэля Бродзкага ізраільскаму парталу Iton TV. У ім Бродзкі заявіў, што нягледзячы на розьніцу ў поглядах габрэяў і ўкраінцаў на Сцяпана Бандэру, Рамана Шухевіча і Андрэя Мельніка, Украіна зараз знаходзіцца «у пошуку сваёй ідэнтычнасьці, у пошуку сваіх герояў». «Нам, вядома, не падабаюцца гэтыя героі, але для большасьці ўкраінцаў — гэта героі, якія змагаліся за незалежнасьць», — адзначыў пасол. Таксама ён сказаў, што ў цяперашняй вайне Расеі супраць Украіны Ізраіль працягвае і будзе працягваць падтрымліваць Украіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рабін Украіны адказаў Пуціну: Мы ганарымся прэзыдэнтам Зяленскім

Марыя Захарава ў сваім тэлеграм-канале нагадала Бродзкаму аб антысэміцкай палітыцы Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і абвінаваціла Бродзкага ў блюзьнерстве. «Так разважалі тыя, хто спансараваў Гітлера ў 1930-я гады. Дарэчы, у асноўным англасаксы», — напісала яна і дадала: «Калі, на думку Міхаіла Бродзкага, Кіеў мае права на такіх герояў і ідэнтычнасьць, то гэта ўжо праблема МЗС Ізраіля. ».

У адказ Ліёр Хаят заявіў, што ізраільская палітыка застанецца нязьменнай і ніколі не падтрымае ўхвалу злачынцаў, якія супрацоўнічалі з гітлераўскім рэжымам і ўдзельнічалі ў зьнішчэньні габрэяў. Аднак ніхто не мае права вучыць Ізраіль і яго афіцыйных прадстаўнікоў, як захоўваць памяць пра Галакост ці пра вайну са скажэньнем гісторыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.