Пад пэрсанальныя санкцыі Эўразьвязу трапілі:
- Уладзімер Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі. Ён, як сьцьвярджаецца, падтрымліваў разгортваньне і транспартаваньне расейскага вайсковага пэрсаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, таму нясе адказнасьць за падтрымку і рэалізацыю дзеяньняў і палітыкі, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і падрываюць іх.
- Дзьмітры Пантус, старшыня Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці Беларусі. Гэты камітэт распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраеньне, садзейнічае вытворчасьці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забясьпечвае вайскова-прамысловую каапэрацыю, ажыцьцяўляе нагляд за перамяшчэньнем зброі празь дзяржаўную мяжу і забясьпечвае навігацыю расейскага войска. Падкрэсьліваецца, што на сваёй пасадзе Дзьмітры Пантус аказвае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.
11-ы пакет санкцый Эўразьвязу
У Эўразьвязе ўхвалілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі за яе збройны напад на Ўкраіну. У сілу ён мае ўступіць 23 чэрвеня.
У рашэньні Эўразьвязу прадугледжваецца, што дзяржавы-сябры павінны зрабіць усе неабходныя захады дзеля забесьпячэньня паставак, альтэрнатыўных імпарту сырой нафты з Расеі праз трубаправод «Дружба».
У адпаведнасьці з гэтым рашэньнем часовае выключэньне з папярэдніх санкцый, якое раней мелі Нямеччына і Польшча на пастаўку сырой нафты з Расеі праз паўночны ўчастак нафтаправоду «Дружба», павінна спыніцца.
Праз паўднёвы ўчастак «Дружбы» транзыт расейскай нафты працягваецца, у тым ліку ў Вугоршчыну.
Імпарт нафты, якая паходзіць з Казахстану ці іншай трэцяй краіны, транзытам праз Расею па нафтаправодзе «Дружба» не забаронены.
Нафтаправод «Дружба» пабудавалі ў 1960-х гадах, ён быў прызначаны для пастаўкі сырой нафты з Уралу ў эўрапейскія краіны: Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Польшчу і ГДР. Цяпер ён праходзіць з Расеі ў краіны Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Ўкраіны.
Летась у сьнежні 2022 году ЭЗ увёў эмбарга на імпарт расейскай нафты, а ў пачатку лютага 2023-га — і на імпарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым магчымасьць паставак праз нафтаправод «Дружба» пакінулі, прадугледзелі і некаторыя іншыя паслабленьні.
Новы пакет санкцый, прыняты амбасадарамі краін Эўразьвязу 21 чэрвеня, найперш уключае ў сябе захады супраць абыходу раней уведзеных абмежаваньняў, а таксама дапаўняе санкцыйны сьпіс новымі асобамі, фізычнымі і юрыдычнымі.
Паводле папярэдніх дадзеных, у санкцыйны сьпіс увайшлі 70 чалавек (сярод іх — тыя, хто мае дачыненьне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею) і каля 30 юрыдычных асобаў, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Папярэдні пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі быў прыняты 25 лютага. Тады пад абмежаваньні падпалі 96 арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўначы атакавала вайсковы аэрадром у Хмяльніцкай вобласьці. Украінцы зьбілі ўсе ракеты