Праваабаронцы паведамілі аб новых фактах затрыманьняў пасьля праходжаньня беларускай мяжы

Сілавік на беларуска-літоўскай мяжы. Архіўнае фота

Праваабаронцам вядомыя факты ператрусаў у беларусаў назаўтра пасьля ўзмоцненага надгляду і допыту на мяжы пры іх вяртаньні ў Беларусь.

«Перад тым, як вяртацца ў Беларусь, яшчэ раз ацаніце ўсе рызыкі трапіць пад перасьлед. На час праверкі адпісвайцеся ад „экстрэмісцкіх“ каналаў і выдаляйце фота, якія могуць выклікаць пытаньні ў сілавікоў. Таксама майце на ўвазе, што нават пасьля праходжаньня мяжы да вас могуць прыйсьці зь ператрусамі празь некалькі дзён», — заклікаюць правабаронцы «Вясны».

Тым часам затрыманьні на мяжы працягваюцца. Так, «Вясьне» расказалі, што 22 чэрвеня ноччу, па вяртаньні з Польшчы ў Беларусь, пасьля праверкі тэлефонаў затрымалі некалькі чалавек. Іх зьнялі з аўтобуса, і далейшы іх лёс невядомы.

Таксама, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 20 чэрвеня на мяжы зь Літвой на памежным пункце «Катлоўка» затрымалі жанчыну — яе зьнялі з рэйсавага аўтобуса. Што зь ёю было далей, таксама невядома.

У траўні ў Астраўцы адбылося некалькі судоў над затрыманымі на беларуска-літоўскай мяжы — вядома пра два штрафы ў 1110 рублёў і 5 дзён арышту за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: 5 гадоў калёніі лідчаніну за данаты ў фонд падтрымкі рэпрэсаваных; працягваюцца затрыманьні на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя зьвесткі пра затрыманьні кіроўцаў ля мяжы з Расеяй