Ён, у прыватнасьці, сказаў:
«Мы адзначаем стагодзьдзе пачатку рэгулярнага радыёвяшчаньня, а гэта таксама і напамін пра вялікае значэньне свабоды слова, свабоды гаварыць без цэнзуры і без абмежаваньняў, свабоды атрымліваць інфармацыю і думкі, шукаць іх і распаўсюджваць. Свабода, якая ў некаторых месцах у сьвеце ўсё яшчэ душыцца, а за яе адстойваньне людзі па-ранейшаму плацяць самую высокую цану. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба: сярод нас — дачка забітага расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова Жанна Нямцова. Недалёка ад будынку Чэскага Радыё, на Вінаградзкай вуліцы, знаходзіцца штаб-кватэра Радыё Свабода, тры журналісты якой цяпер застаюцца за кратамі: Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык у Беларусі, а Ўладзіслаў Есіпенка — у акупаваным Расеяй Крыме. У лютым гэтага году мы адзначалі пяць гадоў з моманту забойства славацкага журналіста Яна Куцыяка і яго нявесты Марціны Кушніравай. І такой у сёньняшнім сьвеце можа быць цана спробаў распаўсюджваць інфармацыю».
Крымінальны перасьлед Лосіка і Кузьнечыка
Журналіст Свабоды Ігар Лосік быў арыштаваны 25 чэрвеня 2020 году. На яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 14 сьнежня 2021 году ён быў асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.
Жонку Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году. 19 студзеня 2023 году яе асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык быў арыштаваны 25 лістапада 2021 году. 8 чэрвеня 2022 году Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК).
Кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода — «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.
Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Ігара і Дар'ю Лосікаў і Андрэя Кузьнечыка палітвязьнямі.