У Цэнтры беларускай салідарнасьці (ЦБС) у Варшаве заклікалі грамадзян Беларусі своечасова паклапаціцца аб сваёй легалізацыі ў Польшчы ў сувязі са скасаваньнем эпідэміялягічнага рэжыму, калі тэрмін дзеяньня дакумэнтаў аўтаматычна працягваўся.
«У іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, з пачатку ліпеня будзе толькі 30 дзён, каб легалізаваць сваё знаходжаньне, калі яны знаходзіліся на падставе такіх падоўжаных дакумэнтаў», — працытавала агенцтва BPN дырэктарку дэпартамэнту прававой дапамогі ЦБС Вольгу Дабравольскую.
На час пандэміі адмысловыя нормы польскага заканадаўства аўтаматычна працягвалі дзеяньне дазволаў на жыхарства і візаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Польшчы ў Брусэлі запатрабаваў узмацніць санкцыі супраць Расеі і БеларусіВольга Дабравольская мяркуе, што гэтыя асаблівасьці закрануць «тысячы чалавек».
«Мы рыхтуемся да таго, што цяпер людзі будуць толькі актывізоўвацца, але ня варта гэта пакідаць на апошні тыдзень ці апошні дзень», — заклікала яна.
Вольга Дабравольская нагадала, што беларусы могуць легалізавацца ў Польшчы як праз атрыманьне дазволу на жыхарства, так і праз хадайніцтва аб атрыманьні міжнароднай абароны. Атрымаць нацыянальную візу па гуманітарных абставінах на тэрыторыі Польшчы ўжо немагчыма.
Апроч таго, трэба абнавіць ня толькі дазвол на жыхарства, а і працаўладкаваньне.
Згодна з інфармацыяй МЗС Польшчы, з 10 жніўня 2020 году па 31 сьнежня 2022 году польскі бок выдаў беларусам 509 701 візу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда: Польшча працягне ціснуць на рэжым Лукашэнкі і змагацца за вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў