16 беларускіх і міжнародных арганізацый асудзілі вырак праваабаронцы, палітвязьню Анастасіі Лойцы — 7 гадоў пазбаўленьня волі — і запатрабавалі яе «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня».
«Мы асуджаем усе фізычныя і псыхалягічныя катаваньні, якія зазнавала Анастасія Лойка падчас знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня і ў папярэднім зьняволеньні. Вырак адлюстроўвае сыстэматычныя нападкі на беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасьць з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Таксама ў заяве адзначана, што ў 2021 годзе беларускія ўлады ліквідавалі арганізацыю Human Constanta, у якой працавала Лойка.
Міжнародныя арганізацыі зьвярнулі ўвагу на тое, што ўлады ў Менску перасьледавалі і абаронцаў Лойкі. Так, у лістападзе 2022 году яе адвакатку Тацяну Лішанкову затрымалі, а пасьля пазбавілі ліцэнзіі на юрыдычную практыку.
У сакавіку 2023 году адвакат Лойкі Інэса Аленская не прайшла атэстацыю кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, што прывяло да пазбаўленьня яе права на прафэсію.
Гэтыя факты ў заяве называюцца «сыстэмным парушэньнем права праваабаронцаў на юрыдычную абарону і права адвакатаў практыкаваць сваю прафэсію».
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- Беларускі Хэльсынскі камітэт,
- «Прававая ініцыятыва»,
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава,
- Офіс па правах людзей з інваліднасьцю,
- Human Constanta,
- Lawtrend, Беларускі ПЭН,
- Беларуская асацыяцыя журналістаў,
- ARTICLE 19,
- Europe REDRESS,
- Netherlands Helsinki Committee,
- World Organisation Against Torture (OMCT),
- International Federation for Human Rights (FIDH),
- Front Line Defenders,
- Human Rights Watch.
20 чэрвеня судзьдзя Алена Шылько зь Менскага гарадзкога суду асудзіла Насту Лойку на пазбаўленьне волі, прызнаўшы вінаватай па ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці або розьні). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Падставай для крымінальнага перасьледу стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» за 2017–2018 гады, у якім даецца крытычная ацэнка дзеяньням міліцыі.
У верасьні — кастрычніку 2022 году праваабаронца прабыла ў няволі 30 сутак па абвінавачаньні ў некалькіх адміністрацыйных правапарушэньнях. Праз тры тыдні пасьля вызваленьня, 28 кастрычніка, яе зноў затрымалі і потым чатыры разы арыштоўвалі на 15 сутак па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), а затым зьмясьцілі пад варту ў рамках крымінальнай справы.
Да таго Сьледчы камітэт закрыў заведзеную на яе крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў.