Фэльчару Артуру Хлусу, якога затрымалі за рэгістрацыю ў пляне «Перамога», прысудзілі 5 гадоў узмоцненага рэжыму

Мэдык Артур Хлус, архіўнае фота

Палітзьняволенага Артура Хлуса 5-ы месяц трымаюць за кратамі, да свайго затрыманьня ён працаваў фэльчарам горадзенскай брыгады хуткай дапамогі.

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 22 чэрвеня вынесьслі прысуд у крымінальнай справе 24-гадовага мэдыка Артура Хлуса, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», суд прызнаў Артура Хлуса вінаватым і пакараў пазбаўленьнем волі тэрмінам на пяць гадоў у калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Справу першапачаткова разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кедаль, затым, пасля працяглага перапынку, была прызначаная судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч.

Палітзьняволены Артур Хлус да свайго затрыманьня працаваў фэльчарам горадзенскай брыгады хуткай дапамогі і быў студэнтам мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Артур родам зь Пінску. Вучыўся ў Слонімскім мэдыцынскім каледжы, які закончыў з чырвоным дыплёмам і па заканчэньні быў разьмеркаваны ў Горадню.

Артура затрымалі 22 кастрычніка 2022-га за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за ўдзел у пратэстах і да суду зьмясьцілі ў СІЗА горадзенскай турмы №1.

Разгляд справы палітзьняволенага пачаўся 27 лютага 2023 году, але зь невядомай пакуль прычыны суд прыпынілі да траўня.

19 траўня 2023 г. КДБ дадаў палітзьняволенага ў спіс «Асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні за рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і ўдзел у пратэстах судзяць мэдыка, яму пагражае 8 гадоў калёніі