Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня правёў нараду з урадам на тэму інвэстыцый.
«У апошнія некалькі гадоў аб’ём інвэстыцый (як вонкавых, так і ўнутраных) зьніжаецца, што ня лепшым чынам адбіваецца на працы эканомікі», — цытуе заяву Лукашэнкі ягоная прэс-служба.
Ён прызнаў, што на заходнія інвэстыцыі разьлічваць ня варта.
«У бягучых геапалітычных абставінах складана разьлічваць на прыход у беларускую эканоміку заходніх інвэстараў. Давайце будзем арыентавацца на іншых: усходніх, азіяцкіх, афрыканскіх і гэтак далей. Ды і з заходнімі трэба працаваць, ня трэба адхіляць з парога».
Разам з тым, сказаў Лукашэнка, неабходна весьці работу «перш за ўсё са сваімі інвэстарамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прайшла каля 20 гутарак»: Як беларускія ІТ-спэцыялісты трапляюць пад скарачэньні і шукаюць новай працы- 28 лістапада 2022 года Лукашэнка зацьвердзіў парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, паводле якіх інвэстыцый у асноўны капітал павінны вырасьці на 22,3% (у 2022-м яны скараціліся на 19% да 27,84 млрд рублёў).
- Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені–траўні 2023 году яны склалі 11,4 млрд рублёў.
- У першым квартале замежныя інвэстары ўклалі ў рэальны сэктар эканомікі 3 млрд даляраў, што на 11,76% менш, чым годам раней (3,4 млрд).
- Асноўнымі інвэстарамі былі рэзыдэнты Расеі — 44,8% ад усяго абʼёму ўсіх укладаньняў (годам раней — 37,7%), Кіпра — 28,8% (22,9%), Нідэрляндаў — 3,8% (8%).
- Прамыя замежныя інвэстыцыі склалі 2,6 млрд долараў (скарачэньне на 13,3%).
- У 2022 годзе, паводле зьвестак Белстату, замежныя інвэстары ўклалі ў рэальны сэктар эканомікі Беларусі 7 млрд даляраў.
- Сума замежных укладаньняў была на 19,5% меншая, чым у 2021 годзе (8,7 млрд даляраў).