У Маскве ўчыніў самагубства стваральнік савецкай тэрмаядзернай бомбы

Тэрмаядзерны выбух у Сяміпалацінску ў 1965-м, празь 10 гадоў пасьля першага выпрабаваньня

Клінішоў пакінуў перадсьмяротную цыдулку, у якой разьвітаўся з блізкімі.

У расейскай сталіцы Маскве знайшлі мёртвым 92-гадовага фізік-атамніка Рыгора Клінішова — аднаго са стваральнікаў першай савецкай двухступеннай тэрмаядзернай бомбы РДС-37, паведамляе ТАСС. Як заявілі агенцтву ў экстраных службах, вучоны зрабіў самагубства.

Што стала прычынай суіцыду, пакуль невядома.

Клінішоў нарадзіўся ў 1930 годзе. Ён кандыдат фізыка-матэматычных навук, ляўрэат Ленінскай прэміі 1962 году.

Акрамя бомбы РДС-37, фізык таксама распрацаваў некалькі тыпаў тэрмаядзерных зарадаў бомбаў наступных пакаленьняў.

Выпрабаваньне тэрмаядзернай бомбы РДС-37 адбылося 22 лістапада 1955 году на палігоне ў Сяміпалацінску. Ударная хваля тады пашкодзіла будынкі ў 59 населеных пунктах. Шкло ў дамах вылятала ў радыюсе да 200 кілямэтраў ад эпіцэнтру выбуху. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі траўмы. Вядома аб гібелі трохгадовага дзіцяці і аднаго вайскоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі памёр арыштаваны антываенны актывіст. Яго катавалі і пагражалі адправіць на вайну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: ад выкарыстаных Расеяй касэтных боепрыпасаў ва Ўкраіне сотні грамадзян загінулі і атрымалі раненьні