У сваім тэлеграм-канале Валер Сахашчык апублікаваў фота роты, створанай зь беларускіх добраахвотнікаў. Пра яе зьяўленьне стала вядома 9 чэрвеня, яна ўваходзіць у склад дэсантна-штурмавых войскаў Украіны.
«Наша падразьдзяленьне ўжо другі месяц выконвае баявыя задачы на адным з самых цяжкіх участкаў фронту на паўднёвым усходзе Ўкраіны і атрымлівае баявы вопыт, неабходны для стварэньня новага, высокатэхналягічнага і высокаэфэктыўнага беларускага войска», — расказаў Сахашчык.
Пасьля ён зьвярнуўся да беларускіх сілавікоў, папрасіўшы іх памятаць пра прысягу, якую яны давалі народу, і выконваць свой воінскі абавязак, «каб гарантаваць бясьпеку нашага народу, абараняць яго ад ворагаў, якія праліваюць кроў беларусаў і пазбаўляюць іх свабоды».
Таксама Валер Сахашчык зьвярнуўся да расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсьліў, што дамоўленасьці Лукашэнкі з Пуціным «ня вартыя нават той паперы, на якой яны напісаныя», і іх «ніхто ня клікаў» у Беларусь, таму тут яны «такія ж акупанты, як і іх суайчыньнікі ва Ўкраіне».
«Неўзабаве мы прапануем вам пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вярнуцца ў Расею, і калі гэты момант надыдзе, у вашых інтарэсах будзе зрабіць гэта добраахвотна», — заявіў Сахашчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны кабінэт: «Сахашчык выконвае баявыя задачы разам з дэсантна-штурмавой ротай на данецкім напрамку»- 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. У ліпені 2022 году Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
- У кастрычніку 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра разьмяшчэньне сумеснай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. У беларускім вайсковым ведамстве тады казалі, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў у групоўцы складзе крыху менш за 9 тысяч чалавек.
- Сёлета 11 красавіка першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тысяч вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тысячах бронемашын «зь беларускай мяжы ўварваліся» на тэрыторыю Кіеўскай вобласьці. На пачатку красавіка 2022-га захопнікаў адтуль выгналі.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.