Расейскі «Райфайзен Банк» спыніць пераводы ў эўра ў Беларусь

Аддзяленьне «Райфайзен Банк» у Маскве, архіўнае фота

«Райфайзен Банк», расейская «дачка» Raiffeisen Bank International, з 3 ліпеня перастане праводзіць выходныя плацяжы ў эўра ў Беларусь. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе банка.

Новыя ўмовы тычацца як кліентаў — фізычных асобаў, так і індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў. У банку патлумачылі іх увядзеньнем абмежаваньняў з боку банкаў-карэспандэнтаў.

Акрамя Беларусі, з 3 ліпеня кліенты «Райфайзен Банка» ня змогуць праводзіць выходныя плацяжы ў эўра ў банкі Расеі (выключэньне — пераводы паміж кліентамі «Райфайзен Банка» ў Расеі), Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Ярданіі, Казахстану, Кіргізіі, Малдовы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Таджыкістану, Туркмэніі і Ўзбэкістану.

Абмежаваньне распаўсюджваецца і на выходныя пераводы ў эўра на ўласныя рахункі кліентаў, адкрытыя ў іншых банках у адной зь пералічаных краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банк Raiffeisen вырашыў скараціць карэспандэнцкія адносіны з банкамі Беларусі

11 траўня прадстаўнік RBI паведаміў пра рашэньне скараціць карэспандэнцкія адносіны з банкамі краін СНД. На пачатку красавіка такое рашэньне было прынята ў дачыненьні да ўсіх расейскіх банкаў, за выключэньнем уласнай «дачкі» Raiffeisen — «Райфайзен Банка».

Пазьней у кампаніі Raiffeisen Bank International паведамілі аб рашэньні Raiffeisen з 31 ліпеня спыніць карэспандэнцкія адносіны з усімі банкамі ў беларускай юрысдыкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыёрбанк» прапанаваў кліентам зьняць валюту зь віртуальных картак да 1 чэрвеня