Сьцісла:
- У гісторыі зь ядзернай зброяй у Беларусі шмат палітычнага блефу.
- Пуцін і Лукашэнка ў сваіх заявах супярэчаць самі сабе.
- Незалежныя крыніцы не пацьвярджаюць перамяшчэньня ў Беларусь ядзернай зброі.
- Пуцін і Лукашэнка даўно не адказваюць за свае словы і могуць гаварыць што заўгодна, ня надта клапоцячыся пра тое, каб іхныя заявы адпавядалі рэальнаму стану рэчаў.
З самага пачатку рэалізацыі ідэі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі ў экспэртным асяродзьдзі актыўна абмяркоўвалася пытаньне, дзе тут рэальная пагроза, а дзе палітычны блеф. Гэтыя дыскусіі працягваюцца і цяпер, бо Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сьвядома ці несьвядома іх актуалізуюць сваімі супярэчлівымі заявамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік выведкі Ўкраіны: Расея пакуль не перадавала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкіВось 16 чэрвеня Ўладзімір Пуцін падчас Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў:
«Мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесьцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Але толькі першыя. Гэта першая частка. Да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам».
Гэта крыху дзіўна. Бо 9 чэрвеня ў Сочы Пуцін паведаміў Лукашэнку, што «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў, і адразу ж пачнём мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраеньняў».
Да 7 ліпеня яшчэ тры тыдні, а перамяшчэньне сюды тактычнай ядзернай зброі ўжо пачалося? Атрымліваецца, гэта адбываецца з апярэджаньнем раней зацьверджанага графіка? Дык сховішчы ж для захаваньня такой зброі яшчэ не гатовыя, яны, паводле пляну, будуць падрыхтаваныя толькі к 7 ліпеня. Куды ж у такім разе завезьлі ядзерная боегалоўкі, дзе іх будуць захоўваць? У полі ці ў лесе?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў рэальнай пагрозу Пуціна прымяніць тактычную ядзерную зброюНя менш супярэчлівы ў гэтым пляне і Лукашэнка. 13 чэрвеня ў інтэрвію вядоўцы тэлеканала «Россия-1» Вользе Скабеевай ён заявіў:
«У нас ёсць ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі». З гэтага вынікае, што ў Беларусь ужо завезьлі ядзерную зброю.
А потым ён жа сам сябе абвяргае:
«Думаю, пройдзе некалькі дзён і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш». Гэта значыць, зброі пакуль няма, яна зьявіцца толькі празь некалькі дзён?
Дарэчы, адразу пасьля апошняй заявы Пуціна маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» канстатавала, што ня мае фактаў, якія б пацьвярджалі дастаўку ў Беларусь першых ядзерных зарадаў.
19 чэрвеня кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў у эфіры нацыянальнай тэлевізіі паведаміў, што пакуль ніводнай боегалоўкі з Расеі ў Беларусь не перамясьцілі.
Дык каму ж верыць? Што адбываецца насамрэч?
Тут магчымыя дзьве вэрсіі. Першая палягае ў тым, што Пуцін і Лукашэнка даўно не адказваюць за свае словы і могуць гаварыць што заўгодна, ня надта клапоцячыся пра тое, каб іхныя заявы адпавядалі рэальнаму стану рэчаў. Што пацьвярджалася шмат разоў. Да таго ж сёньня ўжо да канца не зразумела, што, якія працэсы кантралюе прэзыдэнт Расеі. Заходнія экспэрты па-рознаму ацэньваюць сытуацыю.
Другая вэрсія: Пуцін і Лукашэнка сьвядома заблытваюць, ствараюць сытуацыю няпэўнасьці, напускаюць туману. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць той факт, што, паводле Лукашэнкі, ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі будзе разьмешчана нібыта не ў адным, а ў некалькіх сховішчах. Маўляў, няхай ворагі нэрвуюцца.
Але ў чым тут палягаюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі?..
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без дазволу Пуціна Лукашэнка нават зазірнуць у ядзернае сховішча ня зможа, — экспэрт у ядзерных пытаньнях Максім Старчак
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.