У траўні 2021-га Паўлу Севярынцу і яшчэ шасьці палітвязьням прысудзілі ад 4 да 7 гадоў калёніі. Працэс над палітзьняволенымі праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасьць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спатканьня, паведамляюць праваабаронцы.
21 чэрвеня ў Шклове адбыўся суд па зьмене Севярэнцу рэжыму ўтрыманьня і пераводзе ў іншую папраўчую ўстанову. Згодна з рашэньнем судзьдзі Аляксандра Тараканава, Паўла Севярынца перавядуць на турэмны рэжым на тры гады, паведамляе «Вясна».
«Куды адправяць, не сказалі. Пра здароўе сказалі, што нібыта не скардзіцца. Больш новых зьвестак няма. Пра тое, ці будзе Павал аспрэчваць гэтае рашэньне, нічога ня ведаем, бо адваката на судзе не было», — кажуць сваякі Паўла Севярынца.
Справу аб узмацненьні рэжыму ўтрыманьня разглядалі і ў дачыненьні да іншых палітвязьняў (Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай, Дзьмітрыя Казлова, Паўла Юхневіча, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча), якіх судзілі разам з Паўлам Севярынцам. Аднак вынік суду ў іх пытаньні на гэты момант невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Севярынцу пагражае перавод на турэмны рэжым- Павал Севярынец — ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава і народнай прэміі «За асабістую мужнасьць».
- Узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.