У інтэрвію Свабодзе Premium Юрчышын расказаў, чаму такі крок сёньня важны для Ўкраіны, чаго ён спадзяецца ад такой пастановы і пры якіх умовах Беларусь не павінна была б выплачваць Украіне рэпарацыі.
Паводле Юрчышына, раней улады Ўкраіны не жадалі ўздымаць пытаньне аб прызнаньні Беларусі краінай-агрэсарам, каб не справакаваць яе ўдзел у поўнамаштабнай вайне. Рубіконам, на думку дэпутата, стала згода Лукашэнкі разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю Расеі.
«Гэтая ініцыятыва цалкам адпавядае бачаньню ўкраінскага грамадзтва. Мы шалёна ўдзячныя беларускім героям зь беларускага палку Каліноўскага, але на жаль, пакуль полк ваюе і пралівае сваю кроў у барацьбе з ключавымі дыктатарамі Эўропы, Пуціным і Лукашэнкам, у той самы час Беларусь, якая дагэтуль актыўна не змагаецца (мы разумеем чаму, але факт ёсьць фактам), і вось тая Беларусь пагаджаецца на разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі. Мы і так ужо маем вялікую мяжу са звар’яцелым дыктатарам, у якога ёсьць ядзерная зброя. Цяжка сабе ўявіць наступствы, калі ядзерная мяжа з краінай-агрэсарам пашырыцца яшчэ і на ўсю мяжу Беларусі», — кажа Юрчышын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўнай Радзе прапанавалі прызнаць Беларусь агрэсарам. Адна з мэтаў — спагнаньне рэпарацыяўПаводле яго, як толькі ў Беларусі зьменіцца ўлада, адбудзецца перагляд адносінаў з Украінай, але пакуль у Беларусі пануе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, то краіна мае адказваць за агрэсію супраць Украіны і выплачваць рэпарацыі. Дэпутат падкрэсьлівае, што мэта Ўкраіны — пакараць уладу ў Беларусі, а не беларусаў.
«Тут дзіўная пазыцыя часткі беларускай апазыцыі, калі яны змагаюцца з Лукашэнкам, але ў той жа час не гатовыя ціснуць на яго, каб праз санкцыі і рэпарацыі ён быў вымушаны выйсьці з гэтай вайны», — дадае ўкраінскі палітык.
Ён нагадвае, што пакуль Вярхоўная Рада не прыняла гэтую пастанову і яна ўсё яшчэ застаецца прапановай. Але, паводле Юрчышына, для беларускай апазыцыі, і ў тым ліку для Сьвятланы Ціханоўскай, больш правільна было б падтрымаць украінскія патрабаваньні рэпарацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на сэсіі ПАРЭ ў Страсбургу заклікала даць беларусам «эўрапейскую пэрспэктыву»«Пакуль Лукашэнка застаецца афіцыйным кіраўніком Беларусі, мы будзем ставіць пытаньні і пра санкцыі, і пра рэпарацыі, і ўсімі сіламі будзем дапамагаць пані Ціханоўскай і беларускай апазыцыі быць больш рашучымі», — кажа Яраслаў Юрчышын.
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістраваная і іншая пастанова наконт Беларусі — пра прызнаньне яе тэрыторыі акупаванай Расеяй. Дэпутат Юрчышын кажа, што ён падтрымлівае гэты дакумэнт і лічыць, што ён павінен быць прыняты першым.
«Было б вельмі правільным спачатку прызнаць Беларусь акупаванай, і мы вядзем працу ў гэтым напрамку. Па-другое, трэба правесьці перамовы з тымі, каго беларускі народ прызнае сваімі прадстаўнікамі ва ўмовах акупацыі, на дадзены момант гэта асяродзьдзе пані Ціханоўскай і кіраўніцтва палку Каліноўскага. І пазьней ужо варта вызначыцца, ці патрэбныя рэпарацыі як зьява. Калі мы зразумеем, што будучы беларускі дэмакратычны ўрад будзе максымальна спрыяць аднаўленьню Ўкраіны ў тых рамках, якія не патрабуюць рэпарацый, то давайце гаварыць пра гэты сцэнар», — канстатуе Яраслаў Юрчышын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці павінна будзе Беларусь плаціць рэпарацыі Ўкраіне