Раніцай 19 чэрвеня дадому да рэдактара інтэрнет-рэсурсу ganc-chas.by Паўла Дайліда прыйшлі супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і прапанавалі паехаць у пастарунак «на размову».
Як стала вядома @bajby, адзін з наведнікаў быў у міліцэйскай форме, другі — у цывільным.
Супрацоўнік у форме паведаміў, што з рэдактарам хочуць паразмаўляць у Івацэвіцкім РАУС наконт сытуацыі, якая адбылася 17 чэрвеня каля крамы «Санта» ў Івацэвічах, дзе затрымалі аўтамабіль на расейскіх нумарах. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі сказаў, каб Дайлід узяў з сабой тэлефон.
Адзін з затрыманых у Івацэвічах за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане расейцаў можа быць вайскоўцам расейскага войска.
Партал «Зеркало» адшукаў у сацыяльных сетках вельмі падобнага чалавека з такім жа імем, імем па бацьку і прозьвішчам, якімі назваўся мужчына, што трапіў на відэа. На яго старонцы значыцца, што ў красавіку 2023 году ён заключыў кантракт зь Міністэрствам абароны РФ тэрмінам на два гады. Падразьдзяленьне, у якім ён служыць, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Журналісты знайшлі ў сацсетках вонкава падобнага чалавека з такім імем, прозьвішчам і імем па бацьку.
Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбургу (дарэчы, аўтамабіль затрыманых, мяркуючы па нумарах, зарэгістраваны ў Ленінградзкай вобласьці).
28 красавіка 2023 году Аляксандар Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расейскім Міністэрствам абароны.