Вярхоўны камісар у правах чалавека ААН заклікаў Менск пайсьці на кантакт з дакладчыцай Анаіс Марэн

Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у правах чалавека Фолькер Цюрк. Архіўнае фота

Анаіс Марэн у сваёй апошняй справаздачы паведаміла, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася на фоне вайны Расеі супраць Украіны.

Беларусі трэба зьмяніць сваю цяперашнюю пазыцыю і ў поўнай меры супрацоўнічаць з органамі ААН, з такім заклікам выступіў Вярхоўны камісар у правах чалавека Фолькер Цюрк 19 чэрвеня ў Жэнэве на 53-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН.

У заяве, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, гаворыцца, што ўлады ў Менску адмаўляюцца ўдзельнічаць у экспэртызе Офісу і не ідуць на кантакт з профільным спэцыяльным дакладчыкам аб Беларусі:

«Хоць Беларусь выконвае свае афіцыйныя патрабаваньні да справаздачнасьці перад дамоўнымі органамі, яна выйшла з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», — канстатаваў Цюрк. Гэта, паводле яго, «значна абмяжоўвае магчымасьці» ў аказаньні краіне «вельмі неабходнай дапамогі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася на фоне вайны Расеі супраць Украіны


5 ліпеня Рада правоў чалавека ААН разгледзіць даклад профільнай спэцдакладчыцы аб Беларусі Анаіс Марэн. У рэзюмэ дакумэнта гаворыцца, што беларускія ўлады ўзмацнілі жорсткасьць абмежаваньня свабоды думак і іх выказваньня «ў дачыненьні да публічных антываенных акцый і супрацьдзеяньня ўзброенаму нападу Расеі на Ўкраіну».

Даклад ахоплівае пэрыяд з 1 красавіка 2022 году да 31 сакавіка 2023-га. У ім «прадстаўлены аналіз заканадаўчых зьменаў з пункту гледжаньня іх адпаведнасьці міжнародным нормам і стандартам у галіне правоў чалавека, абавязковым для Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»

8 чэрвеня ў Вене Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала зь Цюркам сытуацыю з палітвязьнямі, многія зь якіх знаходзяцца ў крытычнай сытуацыі. Яна таксама зьвярнула ўвагу на праблемы беларускіх уцекачоў, якія сутыкаюцца з шэрагам абмежаваньняў.

13 чэрвеня намесьнік міністра замежных спраў Юры Амбразевіч на сустрэчы ў Жэнэве заклікаў Цюрка і Раду правоў чалавека ААН у цэлым супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам, а не «замежнымі палітычнымі сіламі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская расказала Вярхоўнаму камісару у правах чалавека ААН пра беларускіх палітвязьняў