Сьвятлана Ціханоўская расказала пра сытуацыю зь беларускімі палітычнымі вязьнямі, многія зь якіх знаходзяцца ў крытычнай сытуацыі. Яна згадала справы Мікалая Клімовіча, Аксаны Зарэцкай, Ігара Лосіка, Віктара Бабырыкі, Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калесьнікавай. Таксама яны абмеркавалі сытуацыю зь беларускімі ўцекачамі, якія пазбаўлены падтрымкі беларускай дзяржавы і сутыкаюцца з шэрагам абмежаваньняў.
Ціханоўская папрасіла Вярхоўнага камісара прыкласьці намаганьні, каб дабіцца доступу для адвакатаў і сем'яў да сваіх падапечных у турмах, а таксама дабіцца вызваленьня ўсіх незаконна асуджаных.
Ціханоўская перадала інфармацыю, сабраную «НАУ» і Паўлам Латушкам, аб незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь, а таксама прапановы магчымага ўзьдзеяньня на вінаватых празь Міжнародны суд ААН і іншыя міжнародныя інстытуцыі за сыстэмныя парушэньні правоў чалавека, якія могуць быць клясыфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасьці.
Таксама беларуская палітык папрасіла працягнуць мандат спэцдакладчыцы Анаіс Марэн і экспэртнай групы, якая зьбірае доказы парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Таксама яна папрасіла падняць пытаньне Беларусі на наступнай Радзе правоў чалавека ААН, дзе прадставяць дзьве справаздачы, зьвязаныя зь Беларусьсю: спэцдакладчыцы аб міграцыі і спэцдакладчыцы аб правах чалавека.
Ціханоўская: недастатковая рэакцыя на злачынствы рэжыму Лукашэнкі прывяла да яго ўдзелу ў вайне
У сваім выступе на канфэрэнцыі ў Вене, прысьвечанай 30-годзьдзю Сусьветнай канфэрэнцыі ў правах чалавека, Ціханоўская адзначыла, што абарона правоў чалавека павінна стаць прыярытэтам для міжнароднай супольнасьці, што правы чалавека, дэмакратыя і бясьпека ўзаемазьвязаныя.
Паводле яе, недастатковая рэакцыя сьвету на сфальшаваныя выбары і іх наступствы 2020 году прывялі да эскаляцыі рэпрэсіяў, захопу самалёта, штучна арганiзаванага мігранцкага крызісу, і ўрэшце — да ўдзелу лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне супраць Украіны. Зараз рэжым спрабуе ўзмацніць рэпрэсіі, прыкрываючыся вайной.
Ціханоўская некалькі разоў згадала прысутнага ў зале Вольфганга Бэнэдэка, які рыхтаваў першую справаздачу ў рамках Маскоўскага мэханізму АБСЭ, і сказала, што ягоная праца ў абароне правоў на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў паказвае, наколькі сытуацыя пагаршаецца, нягледзячы на ўсе існыя міжнародныя мэханізмы, якія аказаліся неэфэктыўнымі.
Прадстаўніцу беларускай апазыцыі ў Вене прыняў прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен і міністар замежных справаў Аляксандар Шаленбэрг. Таксама Ціханоўская правяла сустрэчы зь міністрам працы і эканомікі Марцінам Кохерам, міністаркай у эўрапейскіх справах Каралінай Эдштатлер, міністаркай юстыцыі Алмай Задзіч, прадстаўніком ЭЗ у правах чалавека Эйманам Гілмарам і амбасадарам ЗША пры АБСЭ Майклам Карпэнтэрам.
Падчас сустрэч абмяркоўвалі незаконнае разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, супрацу аўстрыйскіх кампаніяў з рэжымам, падтрымку беларускага бізнэсу ў выгнаньні, крокі для вызваленьня палітвязьняў, эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі, падтрымку Аўстрыяй прымяненьня 33 артыкулу статуту Міжнароднай арганізацыі працы ў дачыненьні рэжыму Лукашэнкі.