Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен плянаваў наведаць Кітай у лютым, але адклаў паездку на фоне абвастрэньня адносінаў — у прыватнасьці, з прычыны эпізоду са зьбітым над тэрыторыяй ЗША кітайскім выведным аэрастатам.
Лідэр Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін заявіў, што ЗША і Кітай «дасягнулі прагрэсу» ў шэрагу пытаньняў 19 чэрвеня падчас перамоваў зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам.
«Кітайскі бок ясна выказаў нашу пазыцыю, і абодва бакі пагадзіліся прытрымлівацца агульных дамоўленасьцяў, якіх мы з прэзыдэнтам Байдэнам дасягнулі на Балі», — сказаў Сі Цзіньпін на сустрэчы з Энтані Блінкенам, паведаміла агенцтва AFP.
Лідэр Кітаю дадаў, што «абодва бакі таксама дасягнулі прагрэсу і ў некаторых канкрэтных пытаньнях».
Як паведаміў «Голас Амэрыкі», дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен пасьля правядзеньня перамоў у Кітаі заявіў, што кітайскі бок паабяцаў не перадаваць Расеі вайсковую дапамогу.
«Наконт паставак сьмяротнай зброі ў Расею для выкарыстаньня ва Ўкраіне. Мы і іншыя краіны атрымалі запэўніваньне ад Кітаю, што ён не перадае і ня будзе перадаваць Расеі сьмяротную зброю для выкарыстаньня ва Ўкраіне. Мы цэнім гэта і ня бачылі сьведчаньняў, якія б гэтаму супярэчылі», — сказаў Энтані Блінкен.
«Аднак нас турбуе, што кітайскія кампаніі, магчыма, перадаюць тэхналёгіі, якія Расея можа выкарыстоўваць для прасоўваньня ўварваньня ва Ўкраіну, і мы прасілі кітайскі ўрад вельмі пільна да гэтага ставіцца», — дадаў дзяржсакратар ЗША.
Энтані Блінкен падкрэсьліў, што ЗША і іншыя краіны вітаюць ролю, якую можа адыграць Кітай у дасягненьні «справядлівага міру, заснаванага на прынцыпах Статуту ААН».
Візыт дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена ў Кітай стаў першым за апошнія пяць гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен правёў перамовы з кіраўніком МЗС КітаюКіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту плянаваў наведаць Кітай яшчэ ў лютым, але адклаў паездку на фоне абвастрэньня адносінаў — у прыватнасьці, з прычыны эпізоду са зьбітым над тэрыторыяй ЗША кітайскім выведным аэрастатам.
Пасьля інцыдэнту прэзыдэнт Джо Байдэн і старшыня КНР Сі Цзіньпін сустрэліся летась у лістападзе на палях саміту G20 на востраве Балі, дзе дамовіліся пра візыт Блінкена.
«Спадзяюся, што цягам наступных некалькіх месяцаў я зноў сустрэнуся зь Сі і паразмаўляю (зь ім) аб рознагалосьсях, якія мы маем, а таксама як мы можам знайсьці агульную мову», — сказаў тады Байдэн.
Перад цяперашнім візытам афіцыйныя асобы ЗША заяўлялі, што спадзяюцца на «большую стабільнасьць» у дачыненьнях, калі не на «прарыў» паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету.
18 чэрвеня перамовы Энтані Блінкена з кіраўніком зьнешняй палітыкі Кітаю Ван І трывалі больш за сем гадзін.
Як паведаміла агенцтва AFP, Ван І сказаў Энтані Блінкену, што ягоны візыт «адбываецца ў крытычны момант у кітайска-амэрыканскіх дачыненьнях».
«Неабходна зрабіць выбар паміж дыялёгам і супрацьстаяньнем, супрацоўніцтвам або канфліктам», — працытавала агенцтва кітайскага палітыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай заявіў пра «глябальную катастрофу» ў выпадку свайго канфлікту з ЗШАУ сваю чаргу дзяржаўны сакратар ЗША заявіў, што Злучаныя Штаты імкнуцца «бачыць сьвет свабодным і адкрытым, а таксама падтрымліваюць міжнародны парадак, заснаваны на правілах».
На перамовах прадугледжвалася абмеркаваць і вайну ва Ўкраіне. Міністэрства замежных спраў Кітаю 24 лютага прэзэнтавала плян урэгуляваньня вайны Расеі з Украінай. Дакумэнт складаецца з 12 пунктаў, сярод якіх — спыненьне агню і баявых дзеяньняў, пачатак мірных перамоваў, спыненьне аднабаковых санкцый і гэтак далей. Але афіцыйныя асобы Ўкраіны, ЗША і іншых заходніх краін успрынялі заяву Кітаю з істотным скептыцызмам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыбыў у Пэкін. Чым важны гэты візыт