У Польшчу за мінулы дзень з боку Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць 146 замежнікаў, у тым ліку з Індыі, Таджыкістану, Эрытрэі, Самалі і Сырыі, паведамляе польская памежная служба. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 17 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку. На беларуска-латвійскай мяжы за дзень зафіксавалі 10 спробаў нелегальнага пераходу мяжы.
З пачатку 2023 году зафіксавалі ўжо 17 423 спробы незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 12 206, Латвію — 3 993, Літву — 1 224), у тым ліку ў чэрвені — 1 904, піша BPN.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі папярэдзіла пра «патэнцыйную летнюю эскаляцыю» міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗПамесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і ЭЗ: у студзені зафіксавана 1 989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, у лютым — 1 970, сакавіку — 3 401, красавіку — 3 440, траўні — 4 719.
Статыстыка па краінах: колькі мігрантаў спрабавалі трапіць
- у Польшчу: 1 398 у студзені, 1 455 у лютым, 2 583 у сакавіку, 2 363 у красавіку, 2 959 у траўні;
- у Латвію — 372 у студзені, 377 у лютым, 559 у сакавіку, 776 у красавіку, 1 549 у траўні;
- у Літву — 219 у студзені, 138 у лютым, 259 у сакавіку, 301 у красавіку, 211 у траўні.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу.
- Яшчэ ўвесну 2021 году шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі. Самы папулярны кірунак, як сьведчыць статыстыка, — польскі.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.