У так званай «Данецкай народнай рэспубліцы», якую ва Ўкраіне лічаць тэрарыстычнай і сэпаратысцкай арганізацыяй, паведамілі пра падпісаньне зь Беларусьсю дамовы аб супрацы.
Гэта зафіксавана ў пераліку ўсіх пагадненьняў, якія падпісаў кіраўнік акупацыйнай улады акупаванае Данеччыны Дзяніс Пушылін з расейскімі рэгіёнамі на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме.
Адзначаецца, што дамову з боку Рэспублікі Беларусі падпісаў яе амбасадар у Расеі Дзьмітры Круты.
У сваім тэлеграм-канале Дзяніс Пушылін напісаў, што гэта стала вынікам сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік «ДНР» заявіў, што першая кампанія зь Беларусі пачала экспарт збожжа праз порт МарыюпалюАляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком акупацыйнай улады Данецкай вобласьці Дзянісам Пушыліным 18 красавіка ў Менску. Падчас той сустрэчы Лукашэнка прапанаваў сваю дапамогу данецкім сэпаратыстам. Раней ён устрымліваўся ад кантактаў з прадстаўнікамі прарасейскіх сэпаратыстаў Данбасу.
Кіеў асудзіў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь Дзянісам Пушыліным у Менску, расцаніўшы яе «як спробу легітымізацыі гэтага прадстаўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар сельскай гаспадаркі Беларусі прыняў прадстаўніка акупацыйнай улады Данецкай вобласьціПасьля гэтай сустрэчы ў Менску МЗС Украіны адклікала амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацыяў, а таксама заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць падтрымку вайны Расеі супраць Украіны.
У сакавіку 2023 году старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандар Субоцін падпісаў дамову аб супрацы з акупаваным Расеяй Крымам. У верасьні 2022 году аналягічнае пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і анэксаваны Расеяй разам з Крымам горад Севастопаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму падпісалі дамову аб супрацы, МЗС Украіны адрэагавала