Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко заявіў, што забруджаньне Дняпра пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы і разьліву вады на вялікай плошчы земляў перавышае нармальныя паказьнікі ў 28 тысяч разоў.
«У 28 тысяч разоў было перавышэньне пэўных паказьнікаў, таму забаранілі купацца, лавіць рыбу, нельга піць гэтую ваду, паіць жывёлу. Калі чалавек будзе купацца ў такой вадзе, то патэнцыйна можа ўзьнікнуць захворваньне. Ачышчальныя станцыі перайшлі на надзвычайныя рэжымы дэзынфэкцыі. Узмацнілі маніторынг якасьці вады ў водаправоднай сетцы, каб не прапусьціць сполах», — паведаміў Віктар Ляшко ў інтэрвію BBC Україна.
Паводле яго, паразытарныя, вірусныя і бактэрыялягічныя інфэкцыі найбольш распаўсюджваюцца праз спажываньне забруджанай вады. Рызыкі заражэньня сыбірскай язвай ці халерай пакуль нязначныя, дадаў міністар. Але гэта залежыць ад таго, ці будуць людзі выконваць эпідэміялягічныя рэкамэндацыі спэцыялістаў.
Украінскі міністар дадаў, што забруджаная ўся акваторыя ніжэй за Кахоўскую дамбу. Менавіта там і забаронена купацца і выкарыстоўваць ваду. «І плюс забаронена купацца ў Чорным моры на ўкраінскім узьбярэжжы. Там ёсьць забруджаньне, бо вада з Дняпра трапляе ў Чорнае мора», — сказаў Віктар Ляшко.
Што адбываецца на ўзьбярэжжы Чорнага мора за межамі Ўкраіны
Ніжэй за Кахоўскую дамбы знаходзяцца таксама чарнаморскія курорты Румыніі, Баўгарыі і Турэччыны.
На афіцыйным сайце Міністэрства турызму Баўгарыі паведамляецца аб браку зьвестак пра забруджаньне баўгарскіх водаў Чорнага мора пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.
«Спадарожнікавыя назіраньні і матэматычнае мадэляваньне водных плыняў у Чорным моры ў цяперашні час не выклікаюць занепакоенасьці, пры выяўленьні патэнцыйнай рызыкі будуць прынятыя прэвэнтыўныя захады і своечасова праінфармавана насельніцтва», — сказана ў паведамленьні.
Цяпер у сувязі з гуманітарнай і экалягічнай катастрофай на тэрыторыі Ўкраіны «улады Баўгарыі абменьваюцца інфармацыяй з украінскімі, малдоўскімі і румынскімі калегамі аб магчымым забруджаньні вады ў Чорным моры».
Адпаведныя ведамствы Румыніі і Турэччыны пакуль увогуле не паведамляюць аб сытуацыі на сваіх узьбярэжжах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ня могуць вызначыць колькасьць ахвяр затапленьня пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбыКахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцыяў. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС — 2, але з прычыны вайны рэалізацыя праекту так і не пачалася.
Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя месьціцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.
Дамбу Кахоўскай ГЭС разбурылі ноччу 6 чэрвеня. У выніку яе разбурэньня затопленыя вялікія тэрыторыі ніжэй па плыні паабапал Дняпра і абмялела вадасховішча вышэй. Зона затапленьня на падкантрольным Расеі левым беразе большая, чым на кантраляваным Украінай правым.