Пуцін даручыў стварыць інстытут дасьледаваньня «грамадзкіх паводзінаў» прадстаўнікоў ЛГБТК+

Сьцяг ЛГБТ на будынку амэрыканскай амбасады ў Маскве. Ліпень 2020 г.

Паводле праваабаронцаў, у Расеі ўжо існуюць цэнтры «лячэньня» людзей негетэрасэксуальнай арыентацыі на паўночным Каўказе, у Маскве і іншых месцах.

Пра пуцінскае даручэньне міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка расказаў у выступу пра законапраект аб забароне зьмены полу ў Дзяржаўнай думе, які прынялі ў першым чытаньні.

Дэпутат Анатолій Васэрман спытаў міністра, ці працуе міністэрства аховы здароўя над дасьледаваньнямі «псыхіятрычных мэтадаў прывядзеньня гэтых уяўленьняў [аб гендэрных ролях і сэксуальнасьці людзей] у адпаведнасьць з рэальнасьцю».

Паводле Мурашкі, такую ўстанову створаць у цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі імя Сербскага ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афрыканская краіна прыняла закон аб сьмяротным пакараньні для ЛГБТ+ людзей

Праект «Важные истории» з спасылкай на расейскія ЛГБТ-рэсурсы напісаў, што гэта можа азначаць дазвол на канвэрсійную тэрапію — комплекс ілжэнавуковых фізычных і псыхалягічных гвалтоўных мэтодык «лячэньня» любой негетэрасэксуальнай арыентацыі. У ААН крытыкуюць такія мэтады і называюць іх формай катаваньняў.

Законапраект аб забароне «зьмены полу», унесены ў Дзяржаўную думу, цалкам выключае магчымасьць трансгендэрнага пераходу пры дапамозе хірургічных апэрацыяў. Такія апэрацыі будуць дапускацца толькі для «лячэньня прыроджаных фізіялягічных анамаліяў фармаваньня полу ў дзяцей», а для гэтага будзе неабходна адпаведнае рашэньне лекарскай камісіі дзяржаўнай установы аховы здароўя.

Юрыдычную зьмену гендэрнага маркеру таксама забароняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі ў першым чытаньні прыняла закон аб забароне «зьмены полу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску напалі на дзяўчыну-трансгендэра са сьцяжкамі Ўкраіны і ЛГБТ+. Празь некалькі дзён яна знайшлася на «сутках»