Мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным за масавыя пратэсты 2020 году.
Беларускай асацыяцыі журналістаў сталі вядомыя дэталі яго ўвязьненьня ў наваполацкай калёніі.
Як і для бальшыні палітычных вязьняў, сувязь з журналістам абмежаваная: больш-менш стабільнае ліставаньне толькі з блізкімі сваякамі, астатняя карэспандэнцыя фільтруецца ці наагул блякуецца.
Стала вядома, што ў калёніі Андрэй Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. З досьведу іншых вязьняў калёніі, якія пасьля выхаду дэманстравалі разьліковыя лісткі, месячны заробак там рэдка перавышае некалькі рублёў.
У калёніі Аляксандраў выпісвае спартовае выданьне «Прессбол».
Акрамя таго, для падтрыманьня фізычнай формы ў графіку палітвязьня абавязковыя зарадка і практыкаваньні. Вядома, што пасьля арышту Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. Агулам палітвязень трымаецца бадзёра.
- Летась 6 кастрычніка судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка ў закрытым рэжыме агучыў тэрміны пакараньня для абвінавачаных у «справе БелаПАН». Андрэй Аляксандраў атрымаў найбольшы тэрмін — 14 гадоў калёніі, Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзьмітры Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады. Акрамя таго, усім прызначылі буйныя штрафы, у прыватнасьці, Андрэю Аляксандраву больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце.
- Яшчэ да разгляду апэляцыі Андрэя Аляксандрава перавялі ў СІЗА № 2 Віцебску, а якраз пад дзень нараджэньня этапавалі ў наваполацкую папраўчую калёнію № 1.
У Аляксандра Фядуты узмацніліся праблемы са здароўем
Сёлета Фядута трапляў у турэмную бальніцу. У яго абвастрыліся праблемы з сэрцам, зьявіліся ацёкі, паведамляе «Народная Воля».
Таксама ёсьць праблемы з нагамі: яшчэ ў СІЗА журналісту перадалі кіёк, зь якім ён ходзіць і ў магілёўскай калёніі. Хаця, паводле пэўных зьвестак, зараз ён пачуваецца лепш, чым у пачатку году.
Блізкія Аляксандра Фядуты не даюць ніякай інфармацыі ў СМІ, «каб не нашкодзіць». Але ад былых калег Фядуты па зьняволеньні стала вядома, што журналіст пазбаўлены перадачаў да кастрычніка. Яму перадаюць толькі лекі.
- Літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту летась асудзілі ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» на 10 гадоў і накіравалі адбываць пакараньне ў Магілёўскую калёнію.