Пракуратура патлумачыла, чаму прызнала лягатып і інтэрнэт-рэсурсы БАЖ экстрэмісцкімі

Лягатып БАЖ

«Публікавалі дэструктыўныя матэрыялы».

Міністэрства інфармацыі ўнесла сайт БАЖ, яе сацсеткі і лягатып у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў па заяве пракуратуры Менску. У пракуратуры Менску патлумачылі рашэньне так:

«Чальцы аб’яднаньня на рэгулярнай аснове публікавалі дэструктыўныя матэрыялы на ўласным сайце і іншых рэсурсах у сетцы Інтэрнэт, у ліку якіх — акаўнты ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook і Twitter, месэнджары Telegram. Названыя рэсурсы мэтанакіравана садзейнічалі фармаваньню крыніц пагроз нацыянальнай бясьпецы, распальваньню сацыяльнай варожасьці і варожасьці праз распаўсюд недакладнай або наўмысна скажонай інфармацыі», — заявілі ў ведамстве.

Гэта рэдкі выпадак тлумачэньня ўладамі сваіх рэпрэсіўных крокаў супраць няўрадавых арганізацый.

Суд Цэнтральнага раёну Менску 5 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт асноўнага і рэзэрвовага сайтаў дэ-юрэ ліквідаванай Беларускай асацыяцыі журналістаў (baj.by і baj.life адпаведна), вынікае з абноўленага сьпісу на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Такі ж статус атрымала зьмесьціва тэлеграм-каналу БАЖ, старонак у сацыяльных сетках, а таксама лягатып арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай

БАЖ, камэнтуючы гэтае рашэньне ў сваім тэлеграм-канале, адзначыў, што «экстрэмісцкім» лягатыпам пазначаныя шматлікія дакумэнты, якія захоўваюцца ў дзясятках дзяржаўных установаў, ведамстваў, архіваў. Яго выява месьціцца на нататніках, на часопісе «Абажур», які афіцыйна выдаваўся раней. Арганізацыя просіць «уважліва праверыць і вынесьці са сваіх дамоў і офісаў у Беларусі любыя рэчы» з гэтым лягатыпам.

Сёлета 28 лютага КДБ прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваньнем», палічыўшы, што «экстрэмісцкую дзейнасьць» ажыцьцяўляюць, у прыватнасьці, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, ягоныя намесьнікі Барыс Гарэцкі, Алег Агееў, Аляксандар Старыкевіч, сябра праўленьня Аліна Суравец, кіраўнік інфармацыйнай службы Вольга Хвоін, а таксама сябры арганізацыі Зоя Лукашук і Сяргей Комлач.

БАЖ ліквідавалі паводле рашэньня Вярхоўнага суду ў жніўні 2021 году. Сёлета ў лютым асацыяцыю прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рэсурсы Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе лягатып

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.