«Жывёлы дапамагаюць перажыць крызісы і дэпрэсію». Як беларуска пакінула дома каня і дрэсуе за мяжой сабак

Кацярына Кастрыцкая і ейныя сабакі Яша і Торы

Кацярына Кастрыцкая выехала зь Беларусі два месяцы таму. Дома яна пакінула каня Гонга, якога гадавала шаснаццаць гадоў і якога можа больш ня ўбачыць. За мяжой працягвае дрэсаваць сабак. Пра тое, як палегчыць эміграцыю жывёлам, яна расказала Свабодзе.

«Сілавікам самім было страшна»

Кацярына Кастрыцкая — псыхоляг для людзей і для жывёлаў. Ёй 44 гады, усё жыцьцё жыла ў Менску. Зоапсыхалёгіяй займаецца зь 2017 году. Скончыла міжнародную ізраільскую праграму ў Школе прыкладной эталёгіі, курсы ўнівэрсытэтаў Эдынбургу (Шатляндыя), Флорыды (ЗША), Унівэрсытэту Д’юка (ЗША).

Кацярына брала актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны з 1996 году. Дні Волі, «Чарнобыльскі шлях», акцыі пратэсту пасьля выбараў. Першы раз яе затрымалі ў верасьні 2020-га, пратрымалі 12 гадзін у пастарунку і прысудзілі штраф.

«У мяне было ўражаньне, што тыя, хто затрымліваў, чакалі, як будуць разгортвацца падзеі, ім самім было страшна. Калі яны запаўнялі пратакол, у іх рукі дрыжэлі. Яны спрабавалі паказаць, што яны на нашым баку», — успамінае Кацярына пачатак пратэстаў.

Кацярына Кастрыцкая і конь Гонг

У 2021 годзе сваячку Кацярыны затрымалі паводле крымінальнага артыкулу за камэнтар у Telegram, прысудзілі 1 год і 10 месяцаў калёніі. Калі жанчына вызвалілася, на яе працягвалі ціснуць: часта выклікалі ў РАУС, прыходзілі зь ператрусам дадому, потым прыйшлі апісваць маёмасьць.

«Яна ніколі ня ведала, ці яна вернецца пасьля гэтага дадому. У мяне за гэты час назьбіраліся сувязі з „экстрэмістамі-тэрарыстамі“, бо я давала шмат інтэрвію. Стала зразумела, калі сваячка зьедзе, то прыйдуць па мяне», — кажа суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сама жыву ў Варшаве, а мой голас гучыць у Менску». Вялікая размова са сьпявачкай Русяй

«Палову майго багажу займалі сабачыя рэчы»

Жанчыны вырашылі ехаць зь Беларусі адначасова. Кацярына выехала ў Польшчу ў красавіку 2023 году. Спынілася ў Беластоку выпадкова. Толькі там яна здолела хутка знайсьці кватэру, куды пагадзіліся ўзяць яе разам з сабакамі. У Кацярыны два сабакі: эльдэртэр’ер Яша і дварняк Торы, якую падабралі на вуліцы. Ім па шэсьць гадоў.

Сабакі на дзіва спакойна перанесьлі 20-гадзінную дарогу. Ляжалі ў аўтагамаку, не брахалі. На мяжы з абодвух бакоў з гадаванцамі асаблівых праблемаў не было.

«У нас быў вэтэрынарны сэртыфікат, міжнародныя пашпарты. На беларускай мяжы нам сказалі ісьці да вэтэрынара. Мы сказалі яму: „Мы вязём сабак“. — „Сабакі беларускія?“ — „Так“. — „Дык вязіце!“», — пераказвае дыялёг беларуска.

У эміграцыі ў сабак зьмяніўся ўклад жыцьця. Яны жывуць у кватэры з тонкімі сьценамі. Чуюць, што адбываецца ў суседзяў, на лесьвічнай пляцоўцы. Спачатку сабакі рэагавалі на ўсе шумы, потым прызвычаіліся.

Кацярына Кастрыцкая і ейныя сабакі Яша і Торы

«Торы мяне часта вядзе да дзьвярэй машыны, як быццам кажа: „Паехалі дадому, загасьціліся“», — расказвае Кацярына.

Яша больш стабільны. Ён спачатку перажываў, калі гаспадыня выходзіла з дому безь яго. Ён не разумеў, ці яна вернецца, тлумачыць суразмоўца. Перад гэтым ён згубіў шмат сваіх знаёмых людзей. Яго давялося прывучваць не хвалявацца ў такой сытуацыі.

Ён першы час актыўна засвойваў тэрыторыю на прагулках, усё хадзіў новымі маршрутамі, вывучаў, дзе парк, дзе возера, дзе лес. Цяпер у яго зьявіліся ўлюбёныя месцы. Часам ходзіць па іншых, каб пакінуць там свае меткі, расказвае гаспадыня.

На ейную думку, можна дапамагчы сваім гадаванцам перажыць эміграцыю. Найбольш важна, каб гаспадар быў побач. Таксама адаптацыю могуць палегчыць звыклыя рэчы, дзеяньні, рытуалы.

«Мы ўзялі матрацы, ляжанкі, міскі, павадкі, шлейкі, цацкі. Палову майго багажу займалі сабачыя рэчы. Кармлю і гуляем у той жа час, што і ў Менску. Я зь імі займаюся. Заняткі гэта таксама нешта знаёмае. Чым больш якараў, якія асацыююцца зь мінулым жыцьцём, тым лепш. Ім, на жаль, немагчыма патлумачыць, чаму мы пераехалі, на які час мы пераехалі», — кажа суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC: За два апошнія гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехала да 111,5 тысячы чалавек

«Конь клаў галаву мне на калені і ляжаў побач са мной»

У Беларусі Кацярына пакінула каня Гонга. Яму 25 гадоў, яна ім апекавалася шаснаццаць. Ён ужо пэнсійнага ўзросту, мае праблемы са здароўем.

«Прагноз ня вельмі добры. У любы момант яго можа ня стаць. Шанцаў, што я яго ўбачу, ня вельмі шмат. Забраць я яго не магу, бо дарогі ён не перажыве дакладна», — тлумачыць яна.

Кацярына Кастрыцкая і конь Гонг

Цяпер Гонг знаходзіцца на пастоі ў стайні, яго даглядаюць. Ён быў сябрам першага каня Кацярыны Экзахта. Таго жанчына выкупіла пасьля спаборніцтваў і «катаньняў» з падарваным здароўем, каб даць яму магчымасьць «пажыць па-чалавечы». Яму давалі некалькі месяцаў да сьмерці, але ён пражыў яшчэ 3,5 года.

«Ён за мной хадзіў, як сабака. Я магла пайсьці зь ім у лес бяз прывязі. Я сядзела на полі, ён клаў галаву мне на калені і ляжаў побач са мной», — расказвае жанчына пра адносіны зь першым канём.

У той час вялізны Гонг узяў шэфства над слабым Экзахтам, якога крыўдзілі іншыя коні. Гонг таксама апекаваўся жарабятамі, быццам усе былі ягоныя ўласныя. Калі Экзахт памёр, гаспадар аддаў Гонга Кацярыне, бо сам ужо ня мог ім апекавацца. Так у яе зьявіўся другі конь.

«Гонг ня проста конь, а істота, да якой я стаўлюся зь вялікай павагай. Ён для мяне як сябра. Ён вельмі цікавая пэрсона. За ім цікава назіраць, зь ім цікава камунікаваць. Ён вельмі вялікі і добры. Яму падабаюцца людзі. Да яго ставіліся ня так, як да іншых коней. Іншых вялі за лейцы, а ён заўсёды ішоў сам», — апісвае каня гаспадыня.

Кацярына амаль ніколі на ім ня езьдзіла, як і на першым кані, бо цікавей было працаваць зь ім на зямлі, вучыць яго трукам, назіраць, як ён пасьвіцца ці камунікуе зь іншымі коньмі.

«Ёсьць машына, на якой можна езьдзіць, а конь — гэта асоба. Гонг дазваляў езьдзіць на сабе толькі мне і маёй сваячцы, і больш нікому. Ён не спрабаваў нікога скінуць. Проста станавіўся, апускаў галаву, заплюшчваў вочы: „Я сплю“. Яго немагчыма было ссунуць зь месца», — расказвае пра характар каня Кацярына.

Цяпер яна зь ім не кантактуе, толькі глядзіць ягоныя фота. Наладзіць кантакт з канём празь відэасувязь немагчыма, бо гаджэты скажаюць голас чалавека да непазнавальнасьці для жывёлаў, камэнтуе зоапсыхоляг.

«Ён пра мяне нічога ня ведае», — падсумоўвае яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам патрэбна дапамога, хоць пра гэта няёмка гаварыць». Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы год

«Калі сабака і чалавек глядзяць у вочы адно аднаму, у абодвух падвышаецца ўзровень аксытацыну»

У Беластоку Кацярына працягвае працаваць псыхолягам і зоапсыхолягам. Кансультуе пераважна онлайн. Запусьціла курс анімалатэрапіі, як падтрымаць сябе ў складаныя часы з дапамогай жывёлаў.

«Жывёлы дапамагаюць нам перажыць зьмены, крызісы, дэпрэсію, справіцца з трывогай, пераадолець вывучаную бездапаможнасьць. Даюць нам кантроль і прадказальнасьць. Мы можам прымаць рашэньні, калі мы выводзім гадаванцаў на прагулку, калі мы іх кормім, як мы зь імі займаемся», — тлумачыць Кацярына, як дапамагае кантакт з жывёламі.

Яна працуе толькі з дапамогай пазытыўнага заахвочваньня, г. зн. узнагародаў, а не пакараньняў. Лічыць, што так больш гуманна, дый няма сэнсу псаваць настрой сабе і жывёлам падчас дрэсіроўкі.

«Сабакі — гэта істоты, які „хакнулі“ нашую гарманальную сыстэму. Калі сабака і чалавек глядзяць у вочы адно аднаму, у абодвух падвышаецца ўзровень аксытацыну. Гэта галоўны гармон, які дапамагае пераадолець стрэс, дэпрэсію, зьніжае трывогу», — кажа зоапсыхоляг.

Яна тлумачыць, што сабакі дапамагаюць пераключыцца ў стрэсавых сытуацыях.

«Калі я іх вучу, у мяне ўвесь фокус на іх, і астатні сьвет перастае існаваць. Калі мне цяжка, яны прыходзяць да мяне, уцягваюць у гульню. Кладуцца побач, ліжуць. Бязь іх я б зьехала з глузду», — камэнтуе суразмоўца.

Для яе самае цяжкае ў цяперашняй эміграцыі — немагчымасьць вярнуцца дадому. Псыхоляг тлумачыць, што чалавек перажывае вымушаную эміграцыю як страту блізкага чалавека. Калі адаптацыя пры заплянаваным пераезьдзе ідзе год, то пры вымушаным — больш. Яна пералічвае, што ўскладніць адаптацыю могуць праблемы з працай, арэндай жытла, страта сацыяльнага статусу.

«Адаптацыя залежыць ад таго, наколькі чалавек усьведамляе, што адбываецца, наколькі можа сабе дапамагчы і скарыстацца дапамогай іншых. Наколькі ў яго разбудаваныя сацыяльныя сувязі. Наколькі ён можа забясьпечыць сабе кантроль і прадказальнасьць», — камэнтуе Кацярына.

Сама яна мае намер вярнуцца ў Беларусь.

«Я веру ў полк Каліноўскага. Я ня веру, што гэта будзе вырашана мірным шляхам. Ці пральецца кроў, іншае пытаньне. У мяне ёсьць спадзяваньне, што паміраць за Лукашэнку ніхто не захоча. Я рыхтуюся да таго, каб вярнуцца ў Беларусь разам з тымі ўмоўнымі „150 джыпамі з кулямётамі“», — кажа Кацярына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я вышываю беларускі арнамэнт, адчуваю сябе супэрвумэн». Вялікая размова са стваральніцай праекту «Этыка»