Пасьля праверкі тэлефонаў і апытаньняў было затрымана шэсьць з амаль 30 гледачоў.
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя падрабязнасьці і абставіны рэйду сілавікоў на аграсядзібу «Стулы».
Як распавядаюць відавочцы, у суботу ў Стулах сабраліся каля 30 жыхароў Берасьцейшчыны, каб адпачыць на аграсядзібе і паглядзець батлеечны спэктакль:
«Гаспадары — выдатныя людзі! Нас добра сустрэлі. Гаспадар правёў экскурсію па аграсядзібе, расказаў гісторыю яе стварэньня, а таксама пазнаёміў зь мінуўшчынай паселішча і яго вядомымі жыхарамі. Пакуль мы шпацыравалі, у тэатральным балагане ішла падрыхтоўка спэктакля. Ён захапіў нас свой тэмай і ігрой актораў, музычным афармленьнем і спэцэфэктамі.
На кульмінацыі прадстаўленьня дзьверы балагана рэзка рванулі, а потым ліхтарыкі, шчыт, ствалы, крыкі «Всем лежать!», «Лицом в пол!», «Руки вверх!»... Дзеці спалохаліся. Дарослыя здранцьвелі, не разумеючы, што адбываецца, і мяркуючы, што ўбачанае — нечаканая частка спэктакля... Амапаўцы крычалі, але ніхто так і не лёг на падлогу, таму што ў балагане для гэтага проста не было месца. Тады сілавікі вырашылі ўсіх гледачоў, акрамя дзяцей, вывесьці на вуліцу. Усіх, у тым ліку пэнсіянераў, паклалі на зямлю тварам у траву і мурашак, загадаўшы: «Руки за голову».
Вядома, што арышты ўчынілі супрацоўнікі берасьцейскага АМАПу.
«Потым, мабыць, амапаўцы зразумелі, што пралічыліся... Напэўна, яны спадзяваліся ўбачыць нейкі схадняк па падзеле або захопе Беларусі. Але людзі прыехалі проста паглядзець спэктакль. Калі сілавікі гэта зразумелі, то пачалі мяняць свой тон: дазволілі жанчынам і пажылым падняцца з зямлі. Па адным мужчын адводзілі на апытаньне і агляд тэлефонаў. Сілавікоў вельмі цікавілі аватаркі з украінскімі сьцягамі альбо з спалучэньнем жоўта-сіняга і бел-чырвона-белага колераў. Міліцыянты пыталіся, ці даўно былі ва Ўкраіне, ці падтрымліваеце сувязь з кімсьці з гэтай краіны, ці ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мітынгах».
У каго знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы — тых сілавікі вырашылі забраць з сабой. Затрымалі і мужчыну, які адмовіўся разблякаваць свой тэлефон.
«Акрамя гасьцей аграсядзібы, на шум танаваных бусаў у глухой вёсцы вырашылі паглядзець два цікаўныя суседы. Яны тут жа павялічылі колькасьць тых, хто ляжаў на паляне».
У выніку «хапуну» разам з гаспадыняй аграсядзібы затрымалі шэсьць чалавек. Паколькі чацьвёра затрыманых былі з Кобрын, ііх павезьлі на складаньне адміністрацыйных пратаколаў у Кобрынскі РАУС, а гаспадыню аграсядзібы і яшчэ аднаго грамадзяніна — у Пружанскі РАУС. На трое сутак усіх затрыманых зьмясьцілі ў мясцовыя ізалятары часовага ўтрымання.
13 чэрвеня ў Кобрыні судзілі затрыманых паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Дваіх асудзілі на 7 дзён арышту, яшчэ дваіх выпусьцілі па заканчэньні 72 гадзін, але іхныя тэлефоны забралі на экспэртызы. Супрацоўнікі кобрынскага ІЧУ, нягледзячы на холад у ізалятары, адмаўляліся прымаць цёплае адзеньне і перадачы для затрыманых. 13 чэрвеня адбыліся працэсы паводле арт. 19.11 КаАП і ў судзе Пружанскага раёну. Там асудзілі Ігара Паляшэнку, які займаўся музычным афармленьнем батлеечнага спэктакля, і гаспадыню аграсядзібы Ларысу Быцко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 чэрвеня: У Магілёве затрымалі пратэстанцкага прапаведніка; уладальніцы аграсядзібы «Стулы» далі 15 сутак
Уладальніцу аграсядзібы «Стулы» арыштавалі на 15 дзён
13 чэрвеня суд Пружанскага раёну асудзіў уладальніцу аграсядзібы «Стулы» Ларысу Быцко на 15 дзён арышту паводле артыкулу аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ларыса Мікалаеўна Быцко — загадчыца аддзелу традыцыйнай культуры Берасьцейскага абласнога грамадзка-культурнага цэнтру. Яна была арганізатаркай і рэжысэркай абласных сьвятаў-конкурсаў фальклёрнага мастацтва, у тым ліку «Галасы Палесься» ў Янаве, «Таночак» у вёсцы Безьдзеж Драгічынскага раёну. Пад яе кіраўніцтвам у Берасьцейскай вобласьці рэалізуецца этнаграфічны праект «Рух зямлі».
Таксама Ларыса Мікалаеўна — ініцыятарка правядзеньня міжнародных пленэраў ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёну, абласных пленэраў разьбяроў манумэнтальнай скульптуры, папулярызатарка народнага мастацтва. У 2014 годзе была ўзнагароджаная нагрудным знакам «За ўнёсак у разьвіцьцё культуры Беларусі» Міністэрства культуры.
У 2016 годзе муж і жонка Быцко ў цэнтры вёскі пабудавалі культурна-адукацыйны цэнтар «Вясковы рэнэсанс», у якім праводзілі розныя культурныя імпрэзы, займаліся папулярызацыяй беларускай культуры, паказвалі батлейку.
Пра аблаву і затрыманьні ў аграсядзібе «Стулы» ў Пружанскім раёне стала вядома 11 траўня.