«Крымінальную справу завялі за сатырычнае відэа ў Instagram»
Яўгена Гуцалава называлі «беларускім Форэстам Гампам». У 2019 годзе ён за 10 дзён прабег Беларусь з поўначы на поўдзень, адолеўшы 650 кілямэтраў. З 2015 году арганізоўваў паходы па Турэччыне, вадзіў групы па цікавых мясьцінах. У 2020 годзе Яўгена за ўдзел у маршах пратэсту затрымлівала міліцыя ў Віцебску. Пасьля гэтага ў 2021-м ён перабраўся ў Турэччыну. Пераехаўшы, даведаўся, што на радзіме на яго завялі крымінальную справу — за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу).
«Гэта было сатырычнае відэа, якое я зьняў і выклаў у Instagram. Міліцыянты схамянуліся, калі я быў ужо ў Турэччыне. Сьледчы пісаў мне паведамленьні, каб я вярнуўся і прыйшоў на допыт», — расказвае Яўген.
У Турэччыне ён атрымаў часовы дазвол на жыхарства. Пасьля землятрусу 2023 году Яўген уключыўся ў валянтэрскую дзейнасьць, зьбіраў дапамогу пацярпелым. У красавіку ён вырашыў выехаць з Турэччыны ў Ерэван, каб «абнуліць» час знаходжаньня ў краіне і пасьля падаць дакумэнты на новы дазвол на жыхарства. Але ў Армэніі беларуса затрымалі проста ў аэрапорце. Прычынай назвалі тое, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі.
«Патлумачылі, што вышук — у межах ЭАЭС, Эўразійскага эканамічнага саюзу. Памежнікі затрымалі адразу на пашпартным кантролі, сказалі чакаць паліцыі», — расказвае Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН прызнала незаконным арышт блогера Лапшына ў Беларусі і перадачу яго Азэрбайджану ў 2016 годзе«У ізалятары пыталіся: „Жэня-джан, хочаш есьці?“»
У аэрапорце, па словах Яўгена, да яго прыйшла паліцыя зь перакладчыкам. Яму патлумачылі пра вышук, паказалі адпаведныя паперы. Потым завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Там Яўген прабыў двое сутак.
«Абыходзіліся добра. Такога быдлячага стаўленьня, як у Беларусі ад міліцыі, не было. Казалі і паліцэйскія, і людзі пры сустрэчах, што ведаюць пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Лукашэнку яны чамусьці называлі „Містэр Бульба“», — кажа Яўген.
У камэры ён быў адзін. Кажа, што там быў толькі кран зь пітной вадой, прыбіральні не было, але ў яе вадзілі на патрабаваньне, як і ў душ.
«Кармілі нармальна. Толькі я не зразумеў, як ежу давалі па часе. Бо прыходзілі і пыталіся: „Жэня-джан, хочаш есьці?“. Ну давайце. Яшчэ і дабаўку прапаноўвалі», — успамінае беларус.
У выніку пракуратура Армэніі выдала пастанову адпусьціць Яўгена, бо паводле армянскага заканадаўства такія злачынствы, як «зьнявага дзяржаўных сымбаляў», не караюцца пазбаўленьнем волі, як у Беларусі.
«Усё гэта нагадвала фільм „Тэрмінал“»
Хоць з ізалятара Яўгена адпусьцілі, але на гэтым прыгоды ня скончыліся, расказвае мужчына. Аказалася, што яму нельга выехаць з Армэніі.
«Сказалі, што я ў вышуку, таму мяне ня могуць выпусьціць. Мне гэта нагадвала фільм „Тэрмінал“. Я і кажу памежнікам, што ці глядзелі яны яго? А яны мне: „Там быў толькі тэрмінал, а ў цябе — уся краіна. Жэня-джан, едзь, вывучай Армэнію!“» — кажа беларус.
«Вывучаў» ён Армэнію паўтара месяца — пісаў звароты ў міліцыю, пракуратуру, Службу нацыянальнай бясьпекі, упаўнаважанаму ў правах чалавека. Яўген кажа, што з Генэральнай пракуратуры яму далі дакумэнт, што ня маюць прэтэнзій. З гэтай паперай ён спрабаваў зноў выехаць з Армэніі, але няўдала.
«Сказалі: „Хай ініцыятар вышуку здымае яго, бо ты ёсьць у праграме і мы ня можам цябе выпусьціць“. Зноў пачаў пісаць па інстанцыях. У выніку атрымаў паперу ад Службы нацыянальнай бясьпекі, што армяне ў аднабаковым парадку здымаюць зь мяне вышук», — узгадвае беларус.
Ён дадаў, што нават спрабаваў падацца на палітычны прытулак у Армэніі, бо баяўся экстрадыцыі ў Беларусь. «Але, мусіць, яны падумалі, што навошта ім такія праблемы — даваць статус уцекача беларусу, хай лепш едзе куды хоча», — мяркуе Яўген.
Яўген кажа, што ў Армэніі сустракаў шмат расейцаў, якіх перасьледуюць на іх радзіме за антываенныя лёзунгі ці выказваньні.
«Некаторыя ўцякаюць ад мабілізацыі і атрымалі артыкулы за „дэзэртырства“. Іх таксама затрымлівалі, як і мяне. І потым яны не маглі выехаць з Армэніі. Але ўрэшце ім дапамаглі праваабарончыя арганізацыі», — расказвае беларус.
Цяпер Яўген Гуцалаў вярнуўся ў Турэччыну і будзе рабіць часовы дазвол на жыхарства.
Свабода зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў Армэніі з просьбай пракамэнтаваць затрыманьне Яўгена Гуцалава. Ведамства пакуль не пракамэнтавала сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б не вайна, то я б яшчэ сядзеў». Гісторыя валянтэра Валянціна Ўласіка, які сем месяцаў правёў у вугорскай турме