Былая рэдактарка Tut.by Вольга Лойка запусьціла ўласнае СМІ

Вольга Лойка, архіўнае фота

Былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку ў Tut.by Вольга Лойка запусьціла ўласнае СМІ, паведамляе Press Club Belarus.

Мэдыя пад назвай «Плян Б» будзе пісаць пра палітыку, эканоміку і сэнс жыцьця беларусаў па абодва бакі мяжы. Аўтары абяцаюць даваць аналіз таго, што адбываецца, «у даступнай форме», «складаныя рэчы тлумачыць чалавечай мовай» і «экспэртна паказваць прычынна-выніковыя сувязі».

«У нас ёсьць аўтарскі погляд і наяўнасьць крыніц з двух бакоў барыкадаў — адэкватных людзей, якія займаюцца аналітыкай, а не актывізмам. Плюс бясцэнны жыцьцёвы вопыт.

Мы запускаем новае мэдыя, таму што нам ёсьць што сказаць. Таму што можна чалавека пасадзіць, адабраць Радзіму, прафэсію, працу, калег і сяброў, але забараніць яму думаць і адчуваць немагчыма. І пісаць пра гэта, наколькі можна», — расказала Вольга Лойка пра ўласнае СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі ў «справе Tut.by» Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: па 12 гадоў зьняволеньня
  • Вольгу Лойку затрымалі ў траўні 2021 году ў межах крымінальнай справы, заведзенай супраць TUT.BY за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).
  • 17 сакавіка 2022 году яна выйшла зь СІЗА-1. Ёй зьмянілі меру стрыманьня, але абвінавачаньняў не зьнялі.
  • Вольга Лойка здолела выехаць зь Беларусі. Яе абвясьцілі ў вышук, а летась КДБ унёс яе ў «сьпіс тэрарыстаў».
  • У красавіку 2023 году прайшоў суд па «справе Tut.by» — галоўнай рэдактарцы выданьня Марыне Золатавай і генэральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў зьняволеньня. Вядзеньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да Вольгі Лойкі, а таксама журналісткі Алены Талкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнкі прыпынілі да іх вышуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады дагэтуль баяцца Tut.by і што б зрабіў Зісер. Адказвае адзін з заснавальнікаў Tut.by Кірыл Валошын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Золатава ў лісьце з-за кратаў: «Нашыя суразмоўцы ў 2020-м гаварылі пра неабходнасьць дыялёгу. Цяпер пачытаць пра гэта няма дзе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партал Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Журналісты заявілі, што далей будуць паведамляць праўдзівыя навіны