Кампанія Wargaming вырашыла падтрымаць пацярпелых ад зьнішчэньня дамбы Кахоўскай ГЭС і пералічыць 4 мільёны грыўняў (больш за 100 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) на афіцыйную плятформу Ўкраіны па зборы сродкаў United24.
«Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на набыцьцё рыштунку і абсталяваньня для правядзеньня выратавальных работ у рэгіёне, такіх як выратавальныя шлюпкі і плыты, мотапомпы, экскаватары, бульдозэры і краны, супрацьпажарны рыштунак, вадалазныя касьцюмы, пераносныя станцыі фільтрацыі вады, сарбэнт і гэтак далей», — паведаміла кампанія на сваёй старонцы ў Instagram.
Каманда Wargaming падкрэсьліла, што захапляецца валянтэрамі і ўкраінскімі службамі, якія ратавалі людзей і жывёлаў у першыя дні катастрофы.
«Ахвяраваньнем мы хочам дапамагчы пацярпелым і дадаць фінансавыя сродкі, якія дапамогуць ліквідаваць наступствы, выкліканыя разбурэньнем электрастанцыі. Мы з украінскім народам у самыя цяжкія часы», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін распрацоўнік відэагульняў сыходзіць зь Беларусі, раней бізнэс у Менску закрыла WargamingКампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы. Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў вялікай колькасьці краін і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікай прэздыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэалякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.
У красавіку 2022 году Wargaming заявіла аб выхадзе з Расеі і Беларусі, а свой гульнявы бізнэс перадала пад кіраваньне расейскай кампаніі Lesta Studio. У кастрычніку 2022 году стала вядома, што Wargaming Sydney прадалі амэрыканскай Riot Games.
Літоўскую «дачку» кампаніі зарэгістравалі ў Літве ў лістападзе 2020-га, у красавіку 2021 году ў Вільні адкрыўся цэнтар распрацоўкі. Сёлета ў красавіку стала вядома, што колькасьць супрацоўнікаў у гэатй кампаніі перавысіла 1000.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У літоўскім IT-сэктары зьявілася ўжо другая кампанія зь беларускімі каранямі, якая мае звыш тысячы супрацоўнікаў