На гістфаку БДУ зьнішчылі пано з выявай Кастуся Каліноўскага. ФОТА

Разбуранае пано, на якім былі выявы Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў. Гістарычны факультэт БДУ, 2023

Рэканструкцыя корпуса гістарычнага факультэта БДУ ідзе з 2021 года.

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», пры рэканструкцыі корпусу гістарычнага факультэта БДУ было знішчана дэкаратыўнае пано з выявай Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году.

Керамічнае пано размяшчалася ў адной з аўдыторый на чацьвёртым паверсе гістфаку БДУ.

Пано з выявай Кастуся Каліноўскага на гістарычным факультэце БДУ да разьбурэньня

На ім у поўны рост быў паказаны лідэр вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў на Беларусі Кастусь Каліноўскі і паўстанцы-касінеры на заднім фоне. У ніжняй частцы пано была зьмешчана цытата зь верша Янкі Купалы:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў зь цемры да сьвятла.

На фота ў кучы будаўнічага сьмецьця відаць фрагмэнты рэльефнай рамы, якая абрамляла выяву Каліноўскага, а таксама кавалкі іншых кампазыцый з аўдыторыі па матывах твораў Купалы.

Па інфармацыі «Нашай нівы», зьнішчэнне пано адбылося да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022-м.

Рэканструкцыя корпусу цягнецца з 2021 году. Корпус гістфака БДУ — адзін з першых будынкаў, якія заняў створаны ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Згодна з заканадаўствам, творы манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва ня могуць быць зьнішчаныя, а мусяць быць рэканструяваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падручнікі 90-х па гісторыі сьпісаць, Алексіевіч прыбраць, Быкава «інвэнтарызаваць». Як праходзяць «чысткі» ў беларускіх бібліятэках