Колькасьць міжнародных грашовых пераводаў у Беларусь сёлета ўпала на 42%, зь Беларусі — на 19%

Ілюстрацыйнае фота

Агульная сума грашовых пераводаў беларусам з-за мяжы ў першым квартале 2023 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2022 году зьнізілася адразу на 41,96% — да 42,01 мільёна даляраў у эквіваленце (у першым квартале 2022 году гэтая сума складала 72,374 млн даляраў).

Пра гэта сьведчаць зьвесткі, апублікаваныя на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Беларусі.

Сярэдні памер пераводу, атрыманага ў Беларусі ў першым квартале 2023 году, склаў 271,48 даляра. Летась ён перавышаў 298 даляраў.

Агульная сума грашовых пераводаў, адпраўленых зь Беларусі ў першым квартале 2023 году, таксама зьнізілася — на 19,19% у параўнаньні зь першым кварталам 2022-га: каля 32,99 млн даляраў у эквіваленце супраць 40,82 млн даляраў у студзені — сакавіку 2022 году. Сярэдняя сума аднаго перавода ў першым квартале — 211 даляраў, у 2022 годзе яна была роўная 393,86 даляра.

Сярэдняя сума аднаго пераводу, адпраўленага за мяжу, таксама ў першым квартале 2023 году ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам летась зьнізілася з 299,6 да 211,05 даляра (у эквіваленце).

Пры падліку ўлічваліся грашовыя пераводы праз расейскія плацежныя сыстэмы «Юнистрим», «Золотая корона», Contact «Сбербанк Онлайн» і амэрыканскую Money Gram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы масава сутыкнуліся з праблемамі ў выкарыстаньні банкаўскіх картак
  • Увесну 2022 году, з пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, асноўныя міжнародныя сыстэмы грашовых пераводаў адмовіліся працаваць на тэрыторыі Беларусі. Шэрагу беларускіх банкаў таксама давялося адмовіцца ад некаторых сыстэм, так што працэдура пераводу грошай з-за мяжы ўскладнілася.
  • Так, амэрыканская кампанія Western Union з 24 сакавіка 2022-га прыпыніла ўсе апэрацыі ў Беларусі. Раней пераводы грошай Western Union у Беларусі ажыцьцяўлялі большасьць аддзяленьняў вядучых банкаў краіны.
  • Таксама зь Беларусьсю перастала працаваць Ria Money Transfer.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскае адгалінаваньне Raiffeisenbank 15 лютага спыніць супрацоўніцтва зь Беларусьсю