У Менскай вобласьці адкрылі вытворчасьць боепрыпасаў

Расейскія боепрыпасы ў вёсцы Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. Красавік 2022. Ілюстрацыйнае фота

На прадпрыемстве вырабляюцца такія віды боепрыпасаў, якія «найбольш выкарыстоўваюцца».

Старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Дзьмітры Пантус заявіў, што ў Менскай вобласьці зь лістапада 2022 году пачалі выпускаць боепрыпасы.

Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, аб гэтым ён даклаў Аляксандру Лукашэнку, калі той наведваў прадпрыемства ў Менскай вобласьці. У паведамленьні не ўдакладняецца ягоная назва і дакладнае месца знаходжаньня.

Паводле Пантуса, на прадпрыемстве вырабляюцца такія віды боепрыпасаў, якія «найбольш выкарыстоўваюцца». Кіраўнік вайскова-прамысловага камітэту таксама паведаміў, што на прадпрыемствах вайскова-прамысловага комплексу Беларусі вырабляюць «больш за паўсотні корпусна-мэханічных частак для такога тыпу боепрыпасаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў»: за год Беларусь вывезла ў Расею больш як 130 тысяч тон боепрыпасаў

10 чэрвеня «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» апублікавала лічбы вывазу боепрыпасаў з тэрыторыі Беларусі ў Расею і на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны за год — са студзеня 2022-га па люты 2023-га. Зь іх вынікае, што перадача беларускіх боепрыпасаў Расеі пасьля 24 лютага 2022 адразу вырасла ў дзясяткі разоў.

Паводле іх зьвестак, са студзеня 2022 году па студзень 2023 па чыгунцы зь Беларусі ў Расею было вывезена 131 535 тон (±5-10%) боепрыпасаў. У публікацыі таксама сьцьвярджалася, што ў Расею працягваюць дасылаць боепрыпасы зь беларускіх арсэналаў: гэта ў сярэднім ад 5 000 да 10 000 тон у месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прапанавала выключыць з праекту рэзалюцыі Генасамблеі ААН аб Украіне патрабаваньне пра вывад войскаў РФ

Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну аб’ёмы былі ў дзясяткі разоў меншыя і пачалі расьці адразу пасьля 24 лютага. У студзені і лютым 2022-га ў Расею вывезьлі 203 тоны, у сакавіку 2022-га — ужо ў 12,5 раза больш, 2558 тон. А ў красавіку быў пік па абʼёмах вывазу боепрыпасаў у Расею — 29 741 тона за месяц. У студзені 2023-га ў Расею вывезьлі 24 421 тону.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: уступленьне Беларусі ў вайну будзе для яе велізарнай памылкай