Страты за год — 40 мільёнаў. Што адбываецца з прадпрыемствамі, якім дзяржава дае субсыдыі

Рэклямны шчыт БМЗ. Архіўнае фота

Цэмэнтныя заводы, «Дарорс», БМЗ — як дзяржава фінансуе прадпрыемствы і што з гэтага атрымліваецца.

Субсыдыі на крэдыты для «Дарорс»

Урад Беларусі выдзеліць субсыдыі кампаніі «Дарорс» на 2023–2026 гады. Гэтыя грошы пойдуць на выплату адсотку па крэдыце, які «Дарорс» атрымаў ад «Сбербанку» ў памеры 100% стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку. Гэта значыць, дзяржава пакрые выдаткі ў памеры 9,75% гадавых па атрыманым крэдыце. Калі адсотак па крэдыце вышэйшы, то пакрываць рэшту арганізацыі давядзецца самой.

«Дарорс» — адкрытае акцыянэрнае таварыства, але доля дзяржавы ў статутным фондзе — 99,1%, то бок па факце прадпрыемства цалкам належыць дзяржаве. Таварыства мае некалькі дзясяткаў крамаў па ўсёй краіне, вырошчвае кветкі, мае свой саўгас «Менскі» і віна-гарэлачны завод «Колас».

Згодна са справаздачай за мінулы год, арганізацыя зарабіла 53 тысячы рублёў (чысты прыбытак), у 2021 годзе — 41 тысячу. 8 чэрвеня «Дарорс» перадаў у заклад сваю маёмасьць на 71 мільён рублёў.

На пачатак 2023 году арганізацыя была ў сьпісе даўжнікоў перад падатковымі органамі, але запазычанасьць у выніку пагасілі. Летась «Дарорс» узяў крэдытаў і пазыкаў на 30,6 мільёна рублёў, а аддаў 31 мільён даўгоў і 3,5 мільёна на выплату адсоткаў па крэдытах. Цяпер у арганізацыі 59,5 мільёна даўгоў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: $400 мільёнаў даўгоў, завод будавалі інвэстары з Аўстрыі: што вядома пра Miory Steel, які нацыяналізаваў Лукашэнка

Дзяржава ратуе БМЗ ад мільярдных даўгоў

Доўгатэрміновыя даўгі Беларускага мэталюргічнага камбінату на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. На канец 2020 году БМЗ мусіў заплаціць па крэдытах больш за 3 мільярды рублёў. І гэта пры чыстым прыбытку за 2020 год у 37 тысяч. Тады дзяржава вырашыла зноў даць грошы стратнаму прадпрыемству і рэструктураваць ягоныя даўгі. На пачатку 2021 году Мінфін выпусьціў валютныя аблігацыі на 619 мільёнаў даляраў, якія былі скіраваныя на пагашэньне даўгоў для БМЗ, яны адразу вярнуліся банкам.

Сёлета ў красавіку стала вядома, што ўлады выплацяць «Белаграпрамбанку» кампэнсацыю за крэдыт для БМЗ, які датуецца ўжо 2023 годам. Канкрэтная сума ў дакумэнтах не фігуруе.

Яшчэ раней БМЗ праводзіў мадэрнізацыю. Агульную суму субсыдый і крэдытаў, якія атрымала прадпрыемства, спэцыялісты ацэньваюць у 1 мільярд даляраў.

За 2022 год БМЗ не апублікаваў справаздачу аб сваёй фінансавай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без крэдытаў ад дзяржавы 53,4% арганізацыяў стратныя. Што ня так зь беларускай сельскай гаспадаркай

Дзясяткі мільёнаў даляраў для цэмэнтных заводаў

Пачынаючы з 2009 году тры беларускія цэмэнтныя заводы бралі крэдыты ў банкаў для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў пад гарантыі беларускага ўраду. У выніку тры заводы набралі крэдытаў на некалькі сотняў мільёнаў даляраў у пэрыяд 2009–2012 гадоў.

У 2019 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб арганізацыях цэмэнтнай галіны», у ім апісвалася падтрымка прадпрыемствам, а менавіта выплата сумаў па асноўным доўгу гэтых крэдытаў, а таксама па працэнтах і камісіях. Згодна з гэтым дакумэнтам сёлета заводам дапамогуць выплачваць крэдыты, атрыманыя ад «Беларусбанку» і «Банку разьвіцьця».

Беларускі цэмэнтны завод мінулы год скончыў з чыстымі стратамі 40,9 мільёна рублёў, што вынікае з інфармацыі на сайце заводу. Прадпрыемства мае 926 мільёнаў рублёў даўгоў.

«Крычаўцэмэнтнашыфер» 2022 год скончыў з чыстымі стратамі 23 мільёны рублёў. Даўгоў там на 1,2 мільярда рублёў.

«Краснасельскбудматэрыялы» скончыў мінулы год з чыстымі стратамі на 39,2 мільёна рублёў. У заводу 682 мільёны рублёў даўгоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся Лукашэнка

«За падтрымку неэфэктыўных заводаў Беларусь плаціць стагнацыяй»

Паводле акадэмічнага дырэктара дасьледчага цэнтру Beroc Льва Львоўскага, падтрымка дзяржавай неэфэктыўных прадпрыемстваў можа мець розныя формы, некаторыя зь іх могуць быць схаваныя.

«Якія заводы кепска сябе адчуваюць, такія і фінансуюць, субсыдуюць. Там розныя формы падтрымкі, усе іх ня ўлічыш. Напрыклад, бяруць крэдыт ад Расеі на імпартазамяшчэньне, а выкарыстоўваюць на ўліваньне грошай у ключавыя прадпрыемствы», — кажа экспэрт.

Леў Львоўскі тлумачыць, што дырэктарам беларускіх заводаў, як і чыноўнікам, проста нявыгадна рызыкаваць, на гэта няма матывацыі.

«Беларускі ўрад падтрымлівае той бізнэс, які цалкам залежыць ад ураду і ад Лукашэнкі. На большасьці такіх заводаў няма матывацыі нешта рабіць і рызыкаваць. Любы бізнэс — гэта рашэньні, зьвязаныя з рызыкамі. У рынкавай эканоміцы кіраўнікі бізнэсу ўзнагароджваюцца, калі рызыка апраўданая. У Беларусі проста чыноўнік становіцца дырэктарам. Калі ён зробіць прадпрыемства багацейшым, бонусаў яму не дадуць. Калі зробіць нешта дрэннае, яго могуць пакараць і даінвэставаць прадпрыемства. Таму іх матывацыя — не рызыкаваць. Можна знайсьці нейкі рынак, таньней прадаць прадукцыю. Тады могуць пасадзіць, бо Лукашэнку падасца, што ты прадаеш затанна. Беларусь плаціць за гэта стагнацыяй. Сьвет расьце на 3% ВУП у год, суседнія краіны растуць яшчэ хутчэй, а Беларусь расьце на 1% ВУП у год», — кажа Львоўскі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.