24 праваабарончыя арганізацыі заклікалі спыніць жорсткае абыходжаньне з Калесьнікавай

Марыя Калесьнікава з бацькам у шпіталі гомельскай калёніі № 4. Архіўнае фота

Яны запатрабавалі спыніць такую практыку і ў адносінах да іншых палітвязьняў.

Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву пра жорсткае абыходжаньне з палітзьняволенай Марыяй Калесьнікавай.

«Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, Калесьнікаву ўтрымліваюць у адзіночнай камэры і не даюць ёй належнай мэдыцынскай дапамогі. Ёй таксама не дазваляюць атрымліваць перадачы зь неабходнымі прадуктамі і мэдыкамэнтамі.

У Калесьнікавай не было ніякіх кантактаў ні зь сямʼёй, ні з адвакатам ужо амаль чатыры месяцы. Вартыя даверу паведамленьні пра тое, што ў калёніі яна зазнае жорсткае абыходжаньне, а стан яе здароўя пагоршыўся, выклікаюць глыбокую заклапочанасьць», — гаворыцца ў заяве.

У ім таксама акцэнтуецца ўвага на тым, што ў апошнія месяцы адсутнічае сувязь з іншымі вядомымі палітвязьнямі, у тым ліку Максімам Знакам, Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Мікалаем Статкевічам і Ігарам Лосікам.

«Улады Беларусі павінны даць інфармацыю аб стане здароўя Калесьнікавай, тэрмінова забясьпечыць ёй доступ да лекараў па яе выбары, вярнуць ёй сувязь зь сямʼёй і забясьпечыць доступ да адваката. Неабходна спыніць палітычна матываваны крымінальны перасьлед і вызваліць усіх тых, хто пазбаўлены волі выключна за рэалізацыю сваіх асноўных свабод», — запатрабавалі праваабаронцы.

Заяву падпісалі 24 арганізацыі, сярод іх Amnesty International, БАЖ, БХК, Freedom House, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскага, Human Rights Watch, Праваабарончы цэнтар «Вясна» і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: праваабаронцы паведамляюць аб правакацыі супраць Марыі Калесьнікавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: у Марыі Калесьнікавай зноў праблемы са здароўем