StartupBlink склаў новы рэйтынг краін, найбольш прыдатных для сьвежых ідэй. Беларусь працягвала падаць. Калі ў 2020-м яна была 63-й, затым 70-й, то ў новым рэйтынгу Беларусь толькі на 80-м месцы.
На першым месцы ў топ-10 разьвіцьця стартапаў ЗША, далей Вялікая Брытанія, Ізраіль, Канада, Швэцыя, Сынгапур, Нямеччына, Францыя, Аўстралія і Нідэрлянды. Суседнія зь Беларусьсю краіны занялі наступныя пазыцыі: Літва — 17-е месца, Расея — 29-е месца, Польшча — 33-е месца, Латвія — 39-е месца, Украіна — 49-е месца.
За 2022 год Беларусь не заключыла ніводнай угоды па інвэстыцыях у стартапы, а ў 2020 і 2021 гадах іх было па тры — на $500 тыс. і $2,48 млн адпаведна. У апісаньні рэйтынгу пазначана, што большасьць беларускіх стартапаў цяпер пераехалі за мяжу, што істотна зьнізіла патэнцыял краіны.
Рэкорды адтоку ІТ-спэцыялістаў
Devby.io раней паведамляў, што ўсяго за 2022 год беларускі IT-сэктар страціў больш за 16,5 тысячы спэцыялістаў. У першыя два месяцы 2023 года ў беларускім IT працягваецца тэндэнцыя адтоку спэцыялістаў, якая назіралася амаль увесь 2022-і. За студзень і люты, паводле афіцыйнай статыстыкі, з кампаній сэктару «Інфармацыя і сувязь» звольніліся 3423 чалавекі.
Усяго за мінулы год беларускія IT-кампаніі працаўладкавалі крыху больш за 13 тысяч новых супрацоўнікаў — на 34% менш, чым за 2021 год.
З IT-кампаній за мінулы год звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — на 74% больш, чым у 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з самых дарагіх стартапаў, Flo, пакідае Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў замясьціць заходнія інвэстыцыі ў ІТ-сэктар Беларусі азіяцкімі