Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс расказаў у інтэрвію агенцтву LETA, што прадстаўнікі беларускага рэжыму інструктавалі мігрантаў аказваць узброены супраціў латвійскім памежнікам. Пуятс, аднак, дадаў, што мігранты адмовіліся выкарыстоўваць зброю і што пакуль сёлета не было інцыдэнтаў з ужываньнем зброі.
Паводле Пуятса, беларускія афіцэры на мяжы часам таксама маюць нетыповую для памежнікаў зброю – такую як кулямёты і снайпэрскія вінтоўкі.
Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі сказаў, што за чацьвер, 8 чэрвеня былі спыненыя спробы 32 чалавек незаконна трапіць у Латвію зь Беларусі. Агулам сёлета, паводле яго, было спынена 3,793 асобаў, якія спрабавалі трапіць у Латвію незаконна, а 187 асобаў былі дапушчаныя ў Латвію з гуманітарных меркаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля таго, як Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Пачобуту, Польшча ўвяла дадатковыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску У апошнія гады Беларусь мае сур'ёзныя праблемы на мяжы практычна з усімі суседзямі, акрамя Расеі.Літва
На мяжы Беларусі і Літвы цяпер працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрываецца з 16 лютага з ініцыятывы Літвы. У адказ на запыт тэлеграм-каналу «Мотолько Помоги» прадстаўнікі літоўскай мытні патлумачылі гэта тым, што на памежным пераходзе няма рэнтгенаўскіх апаратаў, каб выяўляць кантрабанду — пераважна цыгарэты. Такім чынам, для грузавых цягнікоў застаўся адзін пераход Гудагай — Кяна.
Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.
Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.
Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.
Рэагуючы на крызіс, Літва пачала будаваць плот з калючым дротам уздоўж мяжы зь Беларусьсю, цяпер яго даўжыня 520 кілямэтраў.
У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося. На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:
- Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
- Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Гудагай — Кяна / Kena (Толькі для грузавых чыгуначных перавозак).
Латвія
Абодва памежныя пераходы, якія ёсьць на беларуска-латвійскай мяжы, пакуль працуюць. Гэта пераходы Грыгораўшчына — Пацерніекі і Урбаны — Сілене. Яны прыстасаваныя да праезду грузавых і легкавых аўтамабіляў, транспарту, таксама тут мяжу можна пераехаць на ровары. Пераход пешшу забаронены.
Латвію таксама закрануў мігранцкі крызіс, калі праз тэрыторыю Беларусі нелегальныя мігранты з Сырыі, Іраку і афрыканскіх краін спрабавалі трапіць у ЭЗ. За час міграцыйнага крызісу памежнікі Латвіі не пусьцілі на сваю тэрыторыю больш за 8 тысяч нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.
Латвія, таксама як і Літва, пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць рух мігрантаў. Плот даўжынёй 173 кілямэтры плянуюць дабудаваць у 2024 годзе.
Польшча
У 2020 годзе, да пандэміі ковіду і палітычнага крызісу ў Беларусі, на беларуска-польскай мяжы працавалі 6 памежных пераходаў, цяпер для грамадзян працуе толькі адзін: Берасьце — Тарэспаль. Яшчэ праз адзін пераход, Казловічы — Кукурыкі, езьдзіць грузавы транспарт. Да сакавіка 2020 году паміж Беларусьсю і Польшчай існавалі чыгуначныя зносіны, цяпер пасажырскі рух цягнікоў спынены, а грузавыя ходзяць толькі праз адзін пункт: Берасьце — Тарэспаль.
Польшчу найбольш з эўрапейскіх краін закрануў мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю, туды спрабавалі трапіць каля 50 тысяч нелегальных мігрантаў.
8 кастрычніка 2021 году Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
У кастрычніку 2022 году Польшча завяршыла будаўніцтва плоту з калючым дротам на мяжы зь Беларусьсю. Увосень 2021 году Польшча цалкам закрыла памежны пераход Брузгі — Кузьніца Беластоцкая, а 10 лютага — пункт «Баброўнікі», з фармулёўкай «у мэтах дзяржаўнай бясьпекі». Тады ж прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча «не выключае закрыцьця ўсіх памежных пераходаў» на мяжы зь Беларусьсю.
Сытуацыя на памежных пунктах, якія працавалі раней, цяпер выглядае так:
- Брузгі — Кузьніца Беластоцкая / Kuźnica Białostocka (Закрыты. Увесь рух спынены).
- Бераставіца — Баброўнікі / Bobrowniki (Закрыты. Увесь рух спынены).
- Пяшчатка — Палоўцы / Połowce (Закрыты. Увесь рух спынены).
- Казловічы — Кукурыкі / Kukuryki (Толькі для грузавога транспарту. Праход пешшу і на ровары недаступны).
- Берасьце — Тарэспаль / Terespol (Даступны толькі для легкавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў. Пераход пешшу і на ровары недаступны.
- Дамачава — Славатычы / Sławatycze (Закрыты, увесь рух спынены).
Украіна
З Украінай у Беларусі самая доўгая мяжа — 1084,2 кілямэтра. Да пандэміі, палітычнага крызісу і пачатку вайны на гэтым адрэзку працавалі 12 памежных пераходаў, празь якія перамяшчаліся грамадзяне, грузавыя фуры, пасажырскія і грузавыя цягнікі. З 24 лютага Ўкраіна закрыла ўсе памежныя пункты. Грузавы рух цягнікоў таксама спынілі пасьля 24 лютага. Пасажырскія цягнікі перасталі хадзіць яшчэ ў пандэмію каранавірусу.
Закрыцьцё межаў Украінай зьвязана з дапамогай, якую беларускія ўлады аказвалі расейскаму боку падчас вайны: праз тэрыторыю Беларусі перасоўвалася расейская вайсковая тэхніка і войска. Расейскі бок выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для авіяцыі, якая бамбуе ўкраінскія гарады. Ад пачатку ўварваньня з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне расейскія войскі запусьцілі больш за 630 ракет.
Мяжа з Украінай цяпер закрытая цалкам, з украінскага боку ўздоўж мяжы вырытыя акопы і пабудаваныя фартыфікацыйныя ўмацаваньні на выпадак новага нападу з тэрыторыі Беларусі ці ўступленьня Беларусі ў поўнамаштабную вайну.