Шасьцёра грамадзян цэнтральнаамэрыканскай дзяржавы прыехалі ў Беларусь з Расеі, заплацілі нелегальным перавозьнікам за перапраўку, але на польскім баку абяцаная ім машына не зьявілася, піша выданьне oncubanews.com.
Неўзабаве мігрантаў затрымалі польскія памежнікі і выдварылі са сваёй тэрыторыі. А ў Беларусі кубінцаў затрымалі ўжо беларускія памежнікі і не ўпусьцілі назад у краіну.
Адна зь мігрантак — Марыя Эстэр Малінэр Карэоза — паведаміла, што ўжо ня можа хадзіць праз укусы насякомых. Таксама яна заявіла, што беларускія памежнікі ўначы прыходзілі да іх групы і білі.
Мігранты зьвярнуліся да міжнародных арганізацый і кубінскай амбасады з просьбай дапамагчы ім вярнуцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літовец расказаў пра няўдалую спробу заехаць у Беларусь: задавалі пытаньні пра Лукашэнку, Пуціна і вайнуУ памежнай зоне кубінцы сустрэлі іншых мігрантаў, якія апынуліся ў такой самай сытуацыі. Мігранты з Пакістану, Індыі і Сырыі падзяліліся з кубінцамі намётамі і ежай.
Апошнім месцам знаходжаньня кубінцаў была мясцовасьць паміж Малой Апакай і Казіміравам у Камянецкім раёне на Берасьцейшчыне. Далейшы іх лёс невядомы, бо праз перасьлед беларускіх службаў мігранты вымушаныя былі сысьці ў іншае месца, акрамя таго, у іх няма інтэрнэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны ЭЗ дамовіліся зрабіць больш жорсткімі правілы наданьня прытулку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьвіслачы на беларуска-польскай мяжы знайшлі цела мігранта