Са студзеня 2022 году па студзень 2023 па чыгунцы зь Беларусі ў Расею было вывезена 131 535 тон (±5-10%) боепрыпасаў, піша «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Аўтары сьцьвярджаюць, што ў Расею працягваюць дасылаць боепрыпасы зь беларускіх арсэналаў: гэта ў сярэднім ад 5 000 да 10 000 тон у месяц.
Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну аб'ёмы былі ў дзясяткі разоў меншыя і пачалі расьці адразу пасьля 24 лютага. У студзені і лютым 2022 у Расею было вывезена 203 тоны, у сакавіку 2022 – ужо ў 12,5 разоў больш – 2558 тон. А ў красавіку быў пік па абʼёмах вывазу боепрыпасаў у Расею – 29 741 тон за месяц. У студзені 2023 у Расею вывезьлі 24 421 тоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пусьцілі пад адхон цягнік з нафтапрадуктамі. Падарваны цеплавоз прыпісаны да гомельскага дэпоЗ публікацыі вынікае, што снарады зь Беларусі вывозіліся ня толькі на тэрыторыю Расеі, але і на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку Крым, а таксама на Каўказ, на памежжа з Грузіяй.
Аўтары публікацыі заяўляюць, што іх «інфармацыя аб абʼёмах вывазу боепрыпасаў мае дакладнасьць 90-95%».
«Прыведзеныя зьвесткі аб абʼёмах вывазу боепрыпасаў з Беларусі ў Расею і на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, уключаючы Крым, сьведчаць пра значна большае, чым паказвае прапаганда, уцягваньне рэжыму Лукашэнкі ў вайну на баку агрэсара, і зьяўляюцца доказам поўнамаштабнага ўдзелу ў ёй». – падсумоўваюць аўтары публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім лякаматыўным брыгадам пагражаюць звальненьнем за адмову ад рэйсаў у Расею