Сьцісла:
- Заклікаць да міру — гэта вельмі выгадная для Лукашэнкі пазыцыя, бо тым самым ён і Расеі кажа нешта прыемнае, і Кітаю.
- Беларусь ужо стала патэнцыйнай мішэньню для краінаў NATO.
- Лукашэнка для Расеі — найлепшы і найменш рызыкоўны варыянт.
— Кожны раз, калі сустракаюцца Пуцін і Лукашэнка, гэта нараджае шмат вэрсіяў і абмеркаваньняў, аднак часьцей за ўсё на саміх сустрэчах нічога сэнсацыйнага не адбываецца. Зыходзячы з ужо агучаных заяваў і выказваньняў — якія можна зрабіць высновы наконт таго, што было галоўным падчас гэтай сустрэчы?
— Як вы слушна заўважылі, у большасьці выпадкаў нейкія рэальна важныя вынікі іхніх сустрэч паведамляюць пазьней, а не адразу. Для публікі звычайна дэманструюць пераважна рытуальныя фразы, пустыя размовы, заклінаньні пра еднасьць, пра тое, што лідэры ведаюць, як і што рабіць. Калі нам даюць словы Пуціна, што праз 10 дзён пачнецца жніво азімых — то зразумела, што ў афіцыйныя загалоўкі выносяцца нейкія агульныя альбо нават бессэнсоўныя фразы.
Сам фармат сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна такі, што гэта ня столькі працоўныя сустрэчы двух розных кіраўнікоў дзяржаў. Гэта больш падобна да працоўных плянёрак, для якіх часам не патрэбная нават нейкая адмысловая нагода ці гарачая тэма — яны проста праводзяцца паводле пэўнага графіку. Таму і ў гэтай сустрэчы, магчыма, няма нейкай адной галоўнай тэмы — хутчэй, абмеркаваньне самых розных пытаньняў.
— Напярэдадні Лукашэнка сустракаўся ў Менску з кіраўнікамі Радаў бясьпекі краінаў АДКБ і даволі актыўна прасоўваў расейскую вэрсію вайны з Украінай і апошніх падзеяў на вайне. Ці можна сказаць, што гэта была даніна прарасейскай рыторыцы перад сустрэчай з Пуціным?
— Сапраўды, наратывы, якія гучалі падчас гэтай сустрэчы, былі звыкла прарасейскія. Заўважу, што тэма пра тое, што «трэба дамаўляцца», — ня толькі тэма Крамля, але і самога Лукашэнкі, якую ён увесь час прасоўвае, хоць і ня надта пасьпяхова. Але гэта і тэза Кітаю, так што быць міратворцам, заклікаць да міру — гэта вельмі выгадная для Лукашэнкі пазыцыя, бо тым самым ён і Расеі кажа нешта прыемнае, і Кітаю.
Таму ў сэнсе рыторыкі і сустрэча ў Менску з кіраўнікамі Радаў бясьпекі краін АДКБ, і з Пуціным у Сочы досыць звыклыя, не прынесьлі (на дадзены момант) нічога істотна новага, новых тэзісаў не прагучала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы сказаў, калі ў Беларусь прывязуць расейскую ядзерную зброю— Адноснай навіной можна лічыць словы Пуціна пра ядзерную зброю, калі ён сказаў, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасьля завяршэньня 7–8 ліпеня падрыхтоўкі збудаваньняў для яе. Назіральнікі адразу зьвярнулі ўвагу, што гэта супала з самітам NATO, які пройдзе ў гэтыя ж дні.
— Відавочна, што гэта частка эскаляцыі. Варта зьвярнуць увагу, што спачатку Пуцін казаў пра 1 ліпеня, цяпер — пра 7 ліпеня. Ужо раней адмыслоўцы казалі, што існуюць моцныя сумневы, ці пасьпеюць да гэтага часу пабудаваць адпаведныя сховішчы.
Я б найперш зьвяртаў увагу на заявы амэрыканскай выведкі, а не на заявы Пуціна і Лукашэнкі. Да пацьверджаньня амэрыканскай выведкай я буду сумнявацца, ці сапраўды гэта так, ці сапраўды гэтая ядзерная зброя будзе разьмешчаная ў Беларусі.
— Калі будуць практычныя доказы — ужо будзе позна сумнявацца.
— Я зыходжу з таго, што з гледзішча рызыкаў для Беларусі, з гледзішча таго, ці стала Беларусь патэнцыйнай мішэньню для краінаў NATO — то яна ўжо стала. Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, вядома, падвысіць імавернасьць яе прымяненьня, падвышае гэтыя рызыкі.
Але варта ўзгадаць, як Украіна зьбівае расейскія гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», якія нібыта самыя сучасныя і якія, паводле заяваў расейцаў, немагчыма зьбіць. Выглядае, што ядзерная зброя (магчыма, вырабленая яшчэ за савецкім часам) — апошні аргумэнт Крамля. І яны будуць расьцягваць гэты аргумэнт па часе, заяўляючы, што вось мы рыхтуем разьмяшчэньне, вось мы разьмяшчаем, вось яна ўжо на месцы, вось хутка будзе гатова...
Гэта лёгіка падвышэньня эскаляцыі, шантаж Захаду. І ствараць тут інфармацыйныя нагоды, расьцягваць шантаж — гэта вельмі чаканы плян Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская назвала «ядзерным шантажом» новыя заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі— Мінулым разам, калі Лукашэнка прыяжджаў у Маскву, галоўнай падзеяй сталі ягоныя праблемы са здароўем. На гэтым фоне зноў зьявіліся дыскусіі, што Масква можа прыбраць (нават фізычна) Лукашэнку і замест яго паставіць кагосьці больш паслухмянага. Як вы ставіцеся да гэтай вечнай дыскусіі — ці цалкам Лукашэнка задавальняе Маскву, альбо яна падумвае, каб яго зьмяніць на больш паслухмянага?
— Тое, што «цалкам задавальняе» — дык гэта наўрад ці. Але, здаецца, у Расеі няма ніякіх мэханізмаў, каб зрабіць сытуацыю яшчэ больш кантраляванай і зразумелай. Нейкія перавароты могуць прывесьці толькі да большых рызыкаў для Расеі. Таму, нягледзячы на ўсе нафтавыя і газавыя канфлікты, Лукашэнка застаецца на сваім месцы. І больш за тое, у крытычны момант карыстаецца падтрымкай Расеі. Таму Лукашэнка для Расеі — найлепшы і найменш рызыкоўны варыянт.
Што тычыцца цяперашняй паездкі ў Сочы — то гэта таксама пэўная дэманстрацыя. Лукашэнка, акрамя іншага, паказвае, што зьезьдзіў у Расею да Пуціна і вярнуўся цэлым і здаровым, не захварэў — маўляў, каб ніхто не прыдумляў, што яго там «труцяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква можа атруціць Лукашэнку». Марк Фейгін — пра сыход дыктатара і хаос у Менску, якому паспрыяюць Захад, Украіна і полк Каліноўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Непрадказальнае акно магчымасьцяў». Палітычныя экспэрты пра тое, што чакае Беларусь без Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што апазыцыя зробіць пасьля зьнікненьня Лукашэнкі. Спыталіся ў Латушкі, Вусава, Офісу Ціханоўскай, Цапкалы, Шчыгельскага і каманды Бабарыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паехаць у Маскву і вярнуцца ў труне. Чаму дыктатару варта паміраць не за мяжой, а на радзіме