Беларусы праз пэтыцыю спыталі ў МУС і пракуратуры, дзе знаходзіцца і як сябе адчувае былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка, пра якога няма інфармацыі ўжо больш за месяц.
У калектыўным звароце да сілавых структур грамадзяне пацікавіліся ў тым ліку, чаму да Бабарыкі не дапускаюць адваката і зь якой прычыны палітвязьня накіравалі ў лячэбную ўстанову.
Аўтары пэтыцыі таксама запатрабавалі, каб МУС і пракуратура праверылі, ці зьвязаныя праблемы са здароўем у палітыка з тым, што на яго чыніўся фізычны ціск.
У пракуратуры Віцебскай вобласьці людзям параілі зьвярнуцца ў абласны Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.
«Органамі, адказнымі за разгляд зваротаў у сфэры выкананьня крымінальных пакараньняў, зьяўляюцца, у прыватнасьці, упраўленьні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў па абласьцях», — гаворыцца ў адказе, падпісаным намесьнікам пракурора Віцебскай вобласьці Ігарам Белавусам.
У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС не захацелі разглядаць зварот па сутнасьці:
«Да электронных зваротаў, якія падаюць прадстаўнікі заяўнікаў, павінны прыкладацца электронныя копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх паўнамоцтвы. Дакумэнты, якія пацьвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы асуджанага Віктара Бабарыкі, не пададзены».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Віктар Бабарыка больш не прыпісаны да атраду, у якім знаходзіўся да шпіталізацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка можа зьявіцца на судовым працэсе сына