Аднавіць водазабеспячэньне абяцалі цягам 24 гадзін, аднак да сёньня праблемы ня вырашылі, паведаміла чытачка Zerkalo.io.
Напор стаў падаць увечары 6 чэрвеня, а раніцай наступнага дня вада зьнікла цалкам, паведамляла мясцовае выданьне Logoysk.by. Высьветлілася, што прычынай стала засуха.
Большая частка горада — цэнтар і раёны прыватнага сэктару Паўднёвы і Лугавы — забясьпечваюцца водазаборам «Ніўкі». Аднак ад працяглай адсутнасьці дажджоў людзі шмат палівалі прысядзібныя ўчасткі. У выніку рэзэрвуар водазабору апусьцеў. Амаль скончыліся і падземныя воды.
«Каб зьняць праблему, кіраўніцтвам Вілейскага водаканала было прынятае рашэньне паглыбіць сьвідравіну, нарасьціць трубы і апусьціць помпу. Усе падрыхтоўчыя работы былі выкананы загадзя. Сёньня вырабляецца мантаж абсталяваньня», — пісала выданьне 7 чэрвеня і паведамляла, што работы плянуецца завяршыць на працягу сутак.
Тым ня менш вада ў жыхароў не зьявілася да 9 чэрвеня.
«Да гэтага часу ў паловы горада няма вады. Людзі ўжо вельмі нэрвуюцца, — расказала чытачка Zerkalo. — Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ніякац помпы не мяняюць, чакаюць дажджоў».
Па словах жанчыны, ад камунальных службаў дабіцца нейкіх адказаў складана. На гэты момант амаль увесь Лагойск забясьпечваецца толькі вадой, якую падвозяць у цыстэрнах. У першую чаргу яе даюць лякарням, школам (дзеці там у летніках), дзіцячым садкам, аб’ектам грамадзкага харчаваньня, затым жыхарам шматкватэрных дамоў і ў апошнюю чаргу сэктару прыватнай забудовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на спыненьне начных замаразкаў, мінулай ноччу зноў перапісаныя тэмпэратурныя антырэкорды