У Кіеве паведамілі, што з падтопленых тэрыторый на раніцу 9 чэрвеня змаглі эвакуаваць 2336 грамадзян, у тым ліку 120 дзяцей. Пакуль інфармацыя аб колькасьці ахвяр адсутнічае.
Прадстаўнік Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях Ўкраіны Віктар Вітавецкі заявіў, што ў выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы пад вадой апынуліся каля 600 квадратных кілямэтраў.
«Зь іх недзе 30% — гэта правы бераг (знаходзіцца пад кантролем Украіны. — РС) і каля 70% — гэта левы бераг Дняпра (кантралюе Расея. — РС)», — сказаў Віктар Вітавецкі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
На раніцу 9 чэрвеня пад вадой знаходзяцца 46 населеных пунктаў, у тым ліку 14 — на часова акупаванай тэрыторыі.
Віктар Вітавецкі паведаміў, што сытуацыя ў абласным цэнтры стабільная, а ўзровень вады пачаў зьніжацца.
«Разам з тым застаецца вельмі вялікая колькасьць населеных пунктаў, якія ўжо падтопленыя, і ніжэй па рэчышчы ракі Інгулец цяпер падымаецца ўзровень вады. Таму населеныя пункты ўздоўж гэтай ракі, Інгулец, цяпер цярпяць ад вады», — патлумачыў ён.
Улады Ўкраіны паведамілі, што з падтопленых тэрыторый на раніцу 9 чэрвеня змаглі эвакуаваць 2336 грамадзян, у тым ліку 120 дзяцей. Пакуль інфармацыя аб колькасьці ахвяр адсутнічае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН чакае гарантый бясьпекі з боку Расеі для эвакуацыі грамадзян з акупаванай часткі Херсоншчыны8 чэрвеня Ўкраіна і ААН узгаднілі каардынацыю ў эвакуацыі грамадзян з акупаванай Расеяй часткі Херсоншчыны.
Увечары 7 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей.
«Нашыя вайскоўцы і спэцслужбы настолькі, наколькі гэта магчыма, нягледзячы на абстрэлы, ратуюць людзей. Але патрэбны маштабныя высілкі. Трэба, каб міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, тэрмінова далучыліся да выратавальнай апэрацыі і дапамаглі людзям менавіта на акупаванай частцы Херсоншчыны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Сытуацыя на левым беразе Дняпра, які кантралююць расейскія акупацыйныя ўлады, найгоршая. Там некалькі населеных пунктаў цалкам апынуліся пад вадой, а людзі ратуюцца на дахах. Пазьней акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў Кахоўцы загінулі 5 грамадзян і 71 жыхар шпіталізаваны, а ў Алешках загінулі тры. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці допуску незалежных журналістаў на месца падзеі немагчыма.
Каб зьнізіць нагрузку на Кахоўскае вадасховішча, ва Ўкраіне вымушаны зьнізіць магутнасьць вытворчасьці ўсіх гідраэлектрастанцый. Грамадзян заклікаюць не выкарыстоўваць электраэнэргію ўвечары і ў пікавыя гадзіны, а таксама эканоміць пітную ваду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны