«6 чэрвеня 2023 года Canpotex абвясьціла, што дамовілася з кансорцыюмам па закупках аб пастаўках калію ў Кітай па кантрактным кошце 307 даляраў ЗША за тону CFR, што будзе на 283 даляры ЗША за тону ніжэй кантракту на 2022 год і прыкладна на 115 даляраў ЗША за тону ніжэй кантрактнага кошту, вызначанага з індыйскімі пакупнікамі ў красавіку 2023 году», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускай калійнай кампаніі.
Кампанія паабяцала забясьпечыць сваім кліентам пастаўкі калію па канкурэнтных цэнах, але «на прымальных для нас камэрцыйных умовах».
«Гэтая цана значна ніжэйшая за нашы чаканьні і не адлюстроўвае фундамэнтальныя рынкавыя фактары ў ключавых рэгіёнах паставак. Такое зьніжэньне цаны разбурае рынкавую раўнавагу і дае ілжывы сыгнал сусьветнаму рынку калію. Такім чынам, БКК не падтрымлівае яго», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Шэраг краін ЭЗ лабіруе зьняцьце санкцый з «Беларуськалія» у інтарэсах БразылііЗдабыча калію ў Беларусі ў 2022 годзе, паводле папярэдніх ацэнак, склала 3 мільёны тон. Гэта прыкладна на 60% менш, чым у 2021 годзе — тады ў Беларусі здабылі 7,63 млн тон калію, гаворыцца ў гадавой справаздачы Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША.
Паводле справаздачы, агулам здабыча калію ў сьвеце летась скарацілася на 6,3 мільёна тон (да 40 мільёнаў). Пры гэтым у Расеі яна ўпала на 45% — з 9,1 да 5 млн тон, а ў Канадзе вырасла на 12,7% — з 14,2 да 16 млн тон. Таксама нарасьцілі здабычу Гішпанія, Ізраіль, Ярданія і Лаос.
«На сусьветныя пастаўкі калію паўплывалі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі, што прывяло да росту цэнаў і зьніжэньня спажываньня. Паводле ацэнак, сусьветнае спажываньне калію ў 2022 годзе для ўгнаеньняў зьнізілася да 35-39 мільёнаў тон з 40,6 мільёна тон у 2021 годзе», — гаворыцца ў дакладзе.
Да 2022 году Беларусь была трэцім па велічыні пастаўшчыком калію ў сьвеце, пастаўляючы больш за 6 млн тон калію ў год. На скарачэньне беларускага экспарту калійных угнаеньняў паўплывалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу, уведзеныя ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пасьля таго як у 2022 годзе Літва скасавала кантракт зь «Беларуськаліем» на перавозкі беларускіх калійных угнаеньняў у порт Клайпеды, Беларусь арганізавала экспарт калію па чыгунцы праз Расею ў трэція краіны, а пазьней і праз расейскія парты, але «экспарт і вытворчасьць калію ў 2022 годзе сталі значна ніжэйшыя», гаворыцца ў дакладзе.
Афіцыйных зьвестак пра экспарт калійных угнаеньняў Белстат не публікуе з 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Эўразьвяз марудзіць з новымі санкцыямі супраць Менску? Тлумачыць Рыкард Юзьвяк