Расейскія войскі абстралялі цэнтар Херсона і раёны, зь якіх адбываецца эвакуацыя з прычыны падтапленьня

Эвакуацыя жыхароў Херсона. 7 чэрвеня 2023

Пад абстрэл у месцы эвакуацыі трапілі журналісты ўкраінскага выданьня.

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін паведаміў, што расейскія войскі пачалі абстрэл цэнтральных і прыбярэжных раёнаў Херсона, адкуль праводзіцца эвакуацыя людзей, пацярпелых у выніку падтапленьня будынкаў пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.

«Б’юць па прыбярэжных тэрыторыях і цэнтральнай частцы горада», — напісаў Аляксандар Пракудзін у сваім тэлеграм-канале.

Пры абстрэле Херсона загінула жанчына, яшчэ два чалавекі былі параненыя, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны. Тым часам МУС Украіны піша пра 8 параненых ў выніку абстрэлу Карабельнай плошчы Херсона. У адной зь вёсак Херсонскай вобласьці праз абстрэлы 4 мясцовыя жыхары атрымалі траўмы, пашкоджаныя аб’екты інфраструктуры, паведамляе Херсонская абласная пракуратура.

Украінскае выданьне «Грати» апублікавала фатаздымкі абстрэлаў і паведаміла, што пад абстрэл трапілі іх журналісты. Эвакуацыя ў гэтым раёне прыпыненая, людзі спрабуюць схавацца ад абстрэлаў.

Генпракуратура Украіны паведаміла, што 8 чэрвеня расейскія вайскоўцы падчас эвакуацыі абстралялі Херсон і населеныя пункты Херсонскага раёна — ёсьць ахвяры і некалькі параненых.

«У Херсоне падчас эвакуацыйных захадаў у выніку кропкавых удараў акупантаў загінуў мірны жыхар. Яшчэ два чалавекі атрымалі раненьні. У адной з вёсак у выніку абстрэлу пацярпелі чацьвёра мясцовых жыхароў. Пашкоджаныя аб’екты грамадзянскай інфраструктуры», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пракуратура пачала дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці па факце парушэньня законаў і звычаяў вайны.

Таксама ад артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі двое супрацоўнікаў службы выратаваньня: вадалаз-сапёр і кіроўца з Мікалаеўскай вобласьці

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прыбыў на пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый Херсоншчыны

8 чэрвеня Херсон наведаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Там ён правёў каардынацыйную нараду аб ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы і наведаў пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый Херсоншчыны.

У выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы затапіла 20 населеных пунктаў Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. З гэтых тэрыторый змаглі эвакуаваць пакуль што 2 198 грамадзян.

Як на Херсоншчыне ратуюць людзей і жывёл ад паводкі пасьля разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС. ФОТА

Сытуацыя на левым беразе Дняпра, які кантралююць расейскія акупацыйныя ўлады, найгоршая. Там некалькі населеных пунктаў цалкам апынуліся пад вадой, а людзі ратуюцца на дахах. Пазьней акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў Кахоўцы загінулі 5 грамадзян і 71 жыхар шпіталізаваны, а ў Алешках загінулі тры. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці допуску незалежных журналістаў на месца падзеі немагчыма.

Каб зьнізіць нагрузку на Кахоўскае вадасховішча, ва Ўкраіне вымушаны зьнізіць магутнасьць вытворчасьці ўсіх гідраэлектрастанцый. Грамадзян заклікаюць не выкарыстоўваць электраэнэргію ўвечары і ў пікавыя гадзіны, а таксама эканоміць пітную ваду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны